Вт, 08 октября 2024
Прогноз погоды

“Кобрынскі веснік”: Будзем сябраваць!

01/06/2014

Хутка ляціць час! Падзеі стракатым калейдаскопам робяць незабыўным кожны дзень. Вось і маё жыццё прабягае ў паскораным рытме.Нарадзіўся я ў 1982 годзе ў г. Брэсце ў сям’і ваеннаслужачых. Бацька, карэнны кабрынчанін, афіцэр ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Закончыў службу ў Лідзе. У гэтым горадзе мне наканавана закончыць сярэднюю агульнаадукацыйную і музычную школы, пашчасціла сустрэць першае каханне. Атрымаў атэстат сталасці і паступіў завочна ў Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут на юрыдычны факультэт. У 2004 годзе паспяхова закончыў ВНУ. Марыў звязаць сваё жыццё з прававой дзейнасцю. У свае сямнаццаць гадоў прыемна было зарабіць першыя грошы на ААТ “Завод “Лідсельмаш”, працаваў слесарам механазборачных работ.Працягваючы сямейную традыцыю, тэрміновую службу праходзіў у Трэцяй асобнай Чырванасцяжай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. У званні старшыны звольніўся ў запас.Разам з бацькамі прынялі рашэнне вярнуцца ў Кобрын. У 2003 годзе стаў пазаштатным аўтарам “раёнкі”. З захапленнем выконваў першыя рэдакцыйныя заданні. У жніўні стаў штатным карэспандэнтам “Кобрынскага весніка”, уліўся ў творчы калектыў, які пераважна складаўся з вопытных і сталых супрацоўнікаў. З ахвотай пераймаў іх веды, шляхам проб і памылак станавіўся сапраўдным журналістам.У 2005 годзе стаў лаўрэатам творчага конкурсу СМІ сярод прафесіянальных журналістаў Брэсцкай вобласці. Потым быў удастоены звання лаўрэата конкурсу “На лепшае асвятленне і прапаганду ў СМІ прадпрымальнцікай дзейнасці ў Брэсцкай вобласці”, на асвятленне ў СМІ дзейнасці Нацыянальнага алімпійскага камітэта, перамог у творчым конкурсе СМІ, які праводзіўся пад эгідай Брэсцкага абкама ГА “БРСМ” і рэдакцыі газеты “Народная трыбуна” ў намінацыі “Лепшы малады журналіст”. Але, перакананы, самай высокай узнагародай для любога журналіста ўсё ж такі з’яўляюцца ўвага і павага чытачоў.Поўнай нечаканасцю ў маім жыцці ў лютым 2014 года стала прапанова ўзначаліць раённую газету. Рашыцца на гэты крок было вельмі няпроста. З лютага па май выконваў абавязкі галоўнага рэдактара. Потым адпаведным распараджэннем старшыні райвыканкама па ўзгадненні з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам назначаны галоўным рэдактарам “Кобрынскага весніка”.Шаноўныя сябры! Сёлета споўніцца семдзясят пяць гадоў з моманту заснавання нашай газеты. Шчыра спадзяюся, што ў гэты знакавы юбілей наша друкаванае выданне перажыве новы гістарычны этап свайго развіцця. Амалоджваецца калектыў “раёнкі”, адпаведна мяняецца яе імідж, ствараюцца новыя рубрыкі і праекты, якія разлічаны на рознаўзроставую аўдыторыю чытачоў, павялічваецца колькасць навінаў, злабадзённых, крытычных матэрыялаў. Спадзяемся, будзе павышацца тыраж газеты. На больш дастойным арганізацыйным узроўні плануем праводзіць Дні падпісчыка з розыгрышам прызоў, актыўна прасоўваць рэдакцыйны інтэрнет-партал www.vkobrine.by, напаўняць яго актуальным кантэнтам. У нас шмат цікавых планаў!Дазвольце падзякаваць вам, шаноўныя чытачы, за вашу вернасць “Кобрынскаму весніку”, за слушныя заўвагі і прапановы. Дзверы рэдакцыі і майго службовага кабінета заўсёды адчынены для кожнага. Будзем сябраваць і далей! Да новых сустрэч!З павагай, ваш Раман МЕЛЬНІК,галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік”.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу