Ср, 16 октября 2024
Прогноз погоды

Кобрынскаму РАУС – 70 Ваша сумленная служба – наш спакой

06/11/2009

У панядзелак новы будынак гарадскога Палаца культуры прымаў гасцей – тут праходзіў урачысты вечар, прысвечаны юбілею Кобрынскага раённага аддзела ўнутраных спраў.

А пачыналася ўсё 70 гадоў таму - у далёкім верасні 1939-га. Менавіта тады Часовае праўленне горада Кобрына і Кобрынскага павета пастанавіла стварыць рабочую гвардыю – першае падраздзяленне аховы правапарадку… За гэты час адбылося шмат падзей – супрацоўнікі міліцыі Брэсцкай вобласці прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці, не шкадуючы жыцця, абаранялі спакой грамадзян у цяжкія пасляваенныя гады і мірны час. Нязменным засталося адно – гатоўнасць забяспечыць надзейную ахову жыцця, здароўя і маёмасці грамадзян, абарону дзяржавы і грамадства.

Як адзначыў начальнік Кобрынскага раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Эдуард Ярашук, аддзел сёння – гэта сіла, якая на самой справе здольная супрацьстаяць злачыннасці. Толькі ў бягучым годзе агульная колькасць злачынстваў скарацілася на 4%, на 9% менш было ўчынена крымінальных злачынстваў. Знізілася колькасць цяжкіх злачынстваў, а таксама злачынстваў у сямейна-бытавой сферы.

Гэта – не проста лічбы, за імі стаіць цяжкая, напоўненая рызыкай, штодзённая праца. Як падкрэсліў Эдуард Ярашук, да супрацоўніка міліцыі непрымяняльна слова “былы” – аднойчы стаўшы ў строй абаронцаў правапарадку, чалавек застаецца ў ім назаўсёды. У зале сядзелі побач сівыя ветэраны, якія аддалі службе не адно дзесяцігоддзе, і зусім яшчэ маладыя супрацоўнікі, якія, здаецца, толькі што апранулі форму.

Дарэчы, сёлета Кобрынскі раённы аддзел унутраных спраў, можна сказаць, адзначае двайное свята – да юбілею калектыў атрымаў новы будынак. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Іванюк, можна быць упэўненым, што новыя камфортныя і зручныя ўмовы пазітыўна паўплываюць на выніковасць працы супрацоўнікаў міліцыі – і, як вынік, на аператыўную абстаноўку ў раёне ў цэлым. Таксама Валерый Пятровіч уручыў лепшым з лепшых граматы райвыканкама і пажадаў усім супрацоўнікам, каб вышэйшай узнагародай для іх заўсёды была павага з боку жыхароў раёна.

А паважаць нашых абаронцаў правапарадку, безумоўна, ёсць за што. Мы часта не заўважаем іх штодзённай працы – спакойныя вуліцы, па якіх не страшна хадзіць увечары, пастаяннае зніжэнне колькасці злачынстваў. Выдатная работа ў час святочных мерапрыемстваў – напрыклад, рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”, якая, як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Барысюк, заслужыла высокую ацэнку Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Наш з вамі штодзённы спакой і бяспека – вось тая мэта, дзеля якой ужо 70 гадоў працуе Кобрынскі аддзел унутраных спраў.Што ж датычыцца выхавання кадраў для такой працы, то рабіць гэта трэба, безумоўна, з самых ранніх гадоў – таму што менавіта з дзяцінства, як падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля, закладваюцца асновы адносін да правапарадку.

Ва ўрачыстай атмасферы падчас юбілейнага вечара прымалі прысягу вучні юрыдычных класаў СШ №4, добра вядомай усім кабрынчанам сваімі выдатнымі традыцыямі патрыятычнага выхавання. Хто ведае – магчыма, ужо праз некалькі гадоў гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ў цёплай сяброўскай атмасферы сядзелі ў зале, таксама выбяруць для сябе цяжкі, але ганаровы шлях службы ў органах унутраных спраў.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу