Пт, 07 февраля 2025
Прогноз погоды

Кобрыншчына прымала трэці абласны этап рэспубліканскаяй алімпіяды

14/01/2019

Убачыць вяршыню Алімпа

Якая яна, наша маладая змена, што не сёння  - заўтра  зойме сваё годнае месца ў грамадстве? Чым жыве, цікавіцца, пра якія прафесіі  марыць? На гэтыя пытанні, безумоўна, могуць даць адказ алімпіяды па вучэбных прадметах, у якіх удзельнічаюць вучні. Менавіта цяга да таго ці іншага прадмета, жаданне ведаць пра пэўную дысцыпліну больш, чым можа даць звычайны ўрок, і кіруе цікаўнымі, няўрымслівымі дзецьмі, прыводзіць іх да поспеху.

Так для 35 навучэнцаў  Кобрыншчыны намаганні і карпатлівая, але цікавая праца за дадатковай літаратурай, гадзіны, праведзеныя на факультатыўных і пазакласных занятках, не прайшлі марна.  Як лепшыя з лепшых, яны былі ўшанаваны права адстойваць гонар Кобрыншчыны на трэцім абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, што праходзіць з 8 па 12 студзеня ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Драгічыне і Кобрыне.

8 студзеня Кобрынскі Палац культуры гасцінна вітаў удзельнікаў алімпіяд па працоўным навучанні, гісторыі і грамадазнаўстве, месцам правядзення якіх выбраны Кобрын.  І як заўважыў  намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык у прывітальным звароце, горад наш мае на гэта поўнае права. Калі прымаць алімпіяды па працоўным навучанні ў нас ужо стала традыцыйным, бо ёсць уся неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, то, што датычыць гісторыі і грамадазнаўства,  багатая  на знакамітыя імёны і значныя для краіны падзеі Кобрыншчына заслугоўвае, каб менавіта тут дзеці праявілі свае веды па гэтых дысцыплінах.

Ёсць, сапраўды, пэўная сімвалічнасць, што частка таленавітых вучняў сабралася  ў Кобрыне, падкрэсліў і першы  намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук. Тут жыў нейкі час славуты палкаводзец Аляксандр Сувораў, які не ведаў на сваім шляху паражэнняў. Аляксандр  Фёдаравіч пажадаў алімпіяднікам гэтак жа упэўнена ісці да сваёй мэты,  рабіць высновы з памылак, каб дабіцца затым вялікіх перамог.

Родныя сцены дапамагалі нашым землякам - вучаніцы 10 класа Астроміцкай сярэдняй школы, якая дэманстравала сваё майстэрства ў валоданні іголкай і ніткамі, вучню 11 класа СШ № 2 г. Кобрына Міхаілу Копылу, навучэнцу Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа  Арцёму  Грыгаруку, што цвёрда трымалі ў руках гэблі і пілы, а таксама паказвалі тэарэтычныя веды па працоўным навучанні на базе СШ № 7 і політэхнічнага каледжа .  Вучаніцы 11 класа дзіцячага сада-сярэдняй школы №4 г. Кобрына Ангеліна Гурыч і СШ № 6 г. Кобрына  Ксенія Хамічэнка  адстойвалі свае веды на знаўцаў грамадазнаўчых працэсаў і гістарычных падзей (адпаведна) ў Кобрынскім дзяржаўным ліцэі сферы абслугоўвання.

А вось якія вынікі яны паказалі, ці апраўдалі спадзяванні і надзеі, як і іншыя  нашы хлопчыкі і дзяўчынкі – удзельнікі трэцяга этапа алімпіяды, мы раскажам у адным з бліжэйшых нумароў нашай газеты.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКАХ аўтара: Кобрыншчына прымае трэці абласны этап рэспубліканскаяй алімпіяды па працоўным навучанні.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу