Анатоль Лукашэвіч: “Інтарэсы кліента – наш штодзённы клопат”
Нярэдка форс-мажорныя абставіны ставяць нас у незайздроснае становішча. Якраз у такія цяжкія моманты на дапамогу прыходзіць Белдзяржстрах, галоўная місія якога – абараняць інтарэсы дзяржавы, грамадзян і арганізацый. Сёння гэта структура святкуе 90-годдзе з дня заснавання. Белдзяржстрах - не толькі буйнейшая арганізацыя ў сваёй сферы, але і нязменны лідар на рынку страхавых паслуг у Рэспубліцы Беларусь. Гэты статус дазваляе забяспечваць страхаванне на вялікія сумы грошай і гарантаваць выплату страхавога пакрыцця.
З 1 студзеня 1970 года на Кобрыншчыне распачала сваю работу гарадская інспекцыя Дзяржстраху. Да гэтага часу аналагічная структура існавала толькі ў раёне. Іх кіраўнікамі былі Сільва Мурыгіна і Аляксей Якімук. У 1992 годзе, пасля рэарганізацыі, была створана інспекцыя Белдзяржстраху па Кобрынскім раёне, узначальваў якую Павел Крусь. На сучасным этапе мясцовае Прадстаўніцтва Белдзяржстраху - маналітная арганізацыя, укамплектаваная высокакваліфікаванымі прафесіяналамі сваёй справы пад кіраўніцтвам Анатоля Лукашэвіча. Тут працуюць 63 супрацоўнікі, 38 з якіх – страхавыя агенты.
Супрацоўнікі арганізацыі наладзілі дзелавыя стасункі не толькі з прадстаўнікамі дзяржаўнай формы ўласнасці, але і з бізнесменамі Кобрыншчыны – СТАА “ВП Палессе”, ПУГВП “Нашы вытокі”. Пастаяннымі партнёрамі Белдзяржстраху з’яўляюцца банкі, сярод якіх буйнейшы кліент - аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Кобрыне.
З адказнасцю ставяцца да страхавання маёмасці і сельгасарганізацыі раёна. Сярод пастаянных і надзейных партнёраў - СВК “Раданежскі” і ААТ “Стрыгава”, якія заўсёды карыстаюцца паслугамі Белдзяржстраху. Ужо даўно апрабавалі карысць супрацоўніцтва з гэтай структурай і нашы грамадзяне, якія страхуюць жыццё і здароўе, уласны аўтатранспарт, кватэры, дамы, маёмасць і інш.
Анатоль Лукашэвіч адзначае, што ў юбілейный год калектыў Белдзяржстраху па Кобрынскім раёне годна выканаў фінансавыя планы. Так, за студзень - кастрычнік атрымана страхавых узносаў на суму больш за 7 млрд. рублёў, што на 2 млрд. рублёў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. І ў гэтым заслуга ўсяго калектыву арганізацыі. Высокіх паказчыкаў у працы дасягнулі страхавыя агенты гарадской зоны - Галіна Мароз, Таццяна Кандрацюк, Лідзія Альхімовіч. У сельскай мясцовасці добра працуюць страхавыя агенты Ніна Кліменка, Людміла Комлева, Таццяна Яцкевіч, Людміла Кірчук, Святлана Давідовіч. Асобных слоў удзячнасці заслугоўваюць ветэраны Белдзяржстраху, якія ў розныя гады мацавалі аўтарытэт і прэстыж арганізацыі, - Мікалай Юркевіч, Анатоль Пашковіч, Фёдар Антанюк, Вольга Кузьміч і інш.
Ад усяго сэрца Анатоль Лукашэвіч віншуе свой калектыў, кліентаў, а таксама ўсіх калег з іншых страхавых структур Кобрыншчыны з прафесійным святам - Днём страхавых работнікаў - і юбілеем Белдзяржстраху, жадае моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту.
Раман Мельнік.
Фота аўтара.
На здымку: супрацоўнікі Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Кобрынскім раёне (злева направа) Таццяна Крываблоцкая, Аляксандр Селівончык, Аліна Клачко, Анатоль Лукашэвіч, Марына Пучынская, Аляксандр Заруба і Ірына Калінава.
Поделиться в соцсетях: