З добрым настроем сустракаюць сваё прафесійнае свята супрацоўнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Кобрынскім раёне. Дзень страхавых работнікаў, які па традыцыі адзначаецца ў першую суботу снежня, стаў адметным для ўстановы паспяховымі вынікамі конкурса прафесійнага майстэрства сярод страхавых агентаў прадстаўніцтв Белдзяржстраха Брэсцкай вобласці.
Пераможнае трэцяе месца за высокі ўзровень ведаў у вобласці страхавога бізнесу, ініцыятыўнасць і прафесіяналізм, а таксама за значны ўклад у развіццё страхавання атрымала Святлана Давідовіч. Як прызналася жанчына, у страхавую сферу яна трапіла выпадкова, па сямейных абставінах. З часам зразумела, што гэта быў провід лёсу . Паміж ранейшай прафесіяй настаўніка і цяперашняй пасадай страхавога агента жанчына праводзіць пэўную аналогію, якая, на думку субяседніцы, у першую чаргу заключаецца ва ўменні будаваць ўзаемаадносіны. Рабочы дзень Святланы Давідовіч пачынаецца з вечара папярэдняга дня, калі яна, узброіўшыся тэлефонным даведнікам з нумарамі сваіх кліентаў, пачынае адпрацоўваць адрасы, па якіх людзі чакаюць “гаранту” абароны ад непрадбачаных акалічнасцяў. На абслугоўванні Святланы знаходзяцца вёскі Хідрынскага сельскага савета, якія ўваходзяць у склад СВК “Узыходзячая зорка”.
Для страхавога агента з 16-гадовым стажам Наталлі Паўлючык удзел у вышэйадзначаным спаборніцтве скончыўся перамогай у намінацыі “Страхавы агент - гэта прызванне”. Атрыманне такой узнагароды для жанчыны асабліва прыемна, на гэтай пасадзе яна адчула сябе на сваім месцы. За гады працоўнай дзейнасці ў Наталлі Паўлючык выпрацаваўся ўласны стыль работы, заснаваны на прыстойнасці, дабрыні, спагадзе і ўменні прадбачыць.
“Удзельнікі конкурсу вызначаліся згодна паказчыкаў работы”, - адзначыў дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Кобрынскім раёне Анатоль Лукашэвіч і спыніўся на асаблівасцях работы прадпрыемства. Страхавую абарону насельніцтва на Кобрыншчыне ажыццяўляюць 63 чалавекі, 37 з іх – страхавыя агенты. Страхавыя паслугі, прапанова якіх на сённяшні дзень складае больш за 100 відаў, аказваюцца ва ўсіх куточках рэгіёна, у тым ліку праз 3 кропкі продажу. За 10 месяцаў бягучага года па ўсіх відах страхавання ў прадстаўніцтва паступіла 24,8 мільярдаў рублёў. У параўнанні з мінулым годам паказчык павялічыўся на 5,16 мільярдаў. Заключана 52726 дагавораў, з іх 35421 - па добраахвотных відах страхавання.
Ад бяды, на жаль, застрахавацца нельга, але можна мінімізаваць яе наступствы. І зрабіць гэта з дапамогай страхоўкі, якая ў выпадку непрадбачаных сітуацый, аказваецца заўсёды дарэчы.
Людміла Дубіна
На здымку: (злева направа) страхавыя агенты - Наталля Паўлючык і Святлана Давідовіч.
Фота аўтара