Да Тамары і Аляксандра Кавалюк я завітала ў другой палове дня. Хацелася застаць усю сям’ю ў зборы. На ганку мяне сустрэў малады мужчына і ветліва запрасіў увайсці. Насустрач выбеглі трое малых. У пакоі, куды мяне запрасілі, было ўтульна і светла. Я прысела на канапу, а дзеці ўселіся насупраць на дыване на падлозе. У хуткім часе ў пакой увайшлі бацькі. Наша размова завязалася з лёгкасцю, было такое адчуванне, быццам мы знаёмыя вельмі даўно. Дзеці ахвотна расказалі пра сябе. Старэйшаму Максіму шаснаццаць гадоў. Ён вучыцца ў 10 “В” класе сярэдняй школы № 6. Свой вольны час любіць праводзіць у бабулі ў вёсцы. Ездзіць туды на ўсе канікулы і выхадныя. Раней Максім займаўся веславаннем. Ён падцягнуты, статны і вельмі памяркоўны. Валерыя на чатыры гада маладзейшая за брата. Вучыцца ў 6 “А” класе дзявятай школы. Дзяўчынка любіць спяваць. У будучым марыць агучваць мультфільмы. Валерыя заўважыла, што ніколі нікога не абражае. “Калі мяне крыўдзяць, я маўчу, а пасля зноў сябрую”, - дзеліцца дзяўчынка. Дзіяне Кавалюк – дзевяць. Яна – удзельніца акрабатычна-цыркавога гуртка “Вяснушкі”. Ходзіць туды разам са сваёй шасцігадовай сястрычкай Дашай. “Даша ў нас самая няўрымслівая, ёй цяжка пасядзець на адным месцы. Яна па кватэры не ходзіць, а колам круціцца”, - расказвае мама. Прымяненне сваім здольнасцям дзяўчынка знайшла выпадкова.
Аднойчы, як заўсёды, вісела ў двары на турніках, а міма ішла кіраўнік вышэйназванага гуртка Марына Валасюк. Жанчына заўважыла дзяўчынку і запрасіла прыйсці да яе на заняткі. Вось ужо два гады Даша наведвае любімы гурток. Самаму малодшаму члену сям’і пяць гадоў. Ён вельмі хоча ў школу. Хлопчык любіць маляваць фарбамі, адразу кінуўся даставаць свае малюнкі. “Калі вырасту, буду будаўніком, як тата”, - сур’ёзна заўважыў малы. Дзеці вельмі ўважліва ставяцца да хворай сястры Святланы, дапамагаюць маме даглядаць яе. “У нас Максім рэгулярна ладзіць з малодшымі разнастайныя культпаходы. У лядовую арэну дзяцей вядзе ці ў кінатэатр”, - расказвае Тамара Уладзіміраўна.Калі я папрасіла дзяцей расказаць пра маму, яны наперабой сталі гаварыць пяшчотныя словы. Добрая, клапатлівая, прыгожая, родная, умее слухаць – як песня лілася з дзіцячых вуснаў. Раптам Валерыя схамянулася. “А вы ведаеце, у нашай мамы ўзнагарода ёсць - за тое, што яна лепшая. Зараз пакажу,” – сказала дзяўчынка і палезла ў шафу. На далоні яна працягнула мне ордэн Маці, які Тамара Уладзіміраўна не так даўно атрымала. “Мы хадзілі з мамай на ўзнагароджанне. Цяжка перадаць пачуцці, якія перапаўнялі нас тады. Радасць да слёз, гонар, нават не ведаю што”, - усхвалявана сказала Валерыя. Тамара Уладзіміраўна і сама расчулілася. Такія ж пачуцці адчула калісьці і яна, калі свякроў – Марыя Кавалюк – паказала нявестцы свае ўзнагароды – медаль “За мацярынства” і ордэн Маці.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: