Чт, 05 декабря 2024
Прогноз погоды

Кобринчанка Елена Воскобойник награждена Орденом матери

17/11/2014 Социум

У сям’ю Васкабойнік я завітала з самага ранку. Дзверы адчыніла маладая прыгожая жанчына з прыветлівай усмешкай. “Вы да нас? – запыталася яна і дадала: - Будзем знаёмыя – Алена Генадзьеўна”. На нейкі момант я зніякавела. Шчыра кажучы, маму пяцярых дзяцей я ўяўляла сабе крыху інакш. Жанчына ўзяла ў рукі маё паліто і ветліва запрасіла прайсці ў пакой. На канапе дружнай чародкай сядзелі тры хлапчукі і адна дзяўчынка. Раптам перада мной з’явіўся маленькі хлапчук. Некалькі хвілінак ён з цікавасцю пазіраў на мяне, а потым узяў за руку і пацягнуў да канапы. Я паслухмяна пайшла за ім. Малы паказаў, дзе мне можна сесці, а сам уладкаваўся маме на калені і адтуль пачаў назіраць за мной.- А ці ведаеце, дзеткі, чаму завітала да вас? – пачала размову.- Ведаем, вы з газеты, будзеце пра нас пісаць, бо мы – шматдзетная сям’я, - разважліва сказаў старэйшы хлапчук.- Ты маеш рацыю, я буду пра вас пісаць. Але ў газеце пішуць не пра ўсе шматдзетныя сем’і, а толькі пра самыя-самыя. Вы ж у нас такія, праўда? – пацікавілася я.Так пачалося наша знаёмства. Дзеці з ахвотай расказвалі пра сябе.Старэйшы Раман вучыцца ў 7-м класе сярэдняй школы № 9 горада Кобрына. Ужо не першы год займаецца боксам у КСДЮШАР, мае ўзнагароды на раённым і абласным узроўнях. “Раней захапляўся разьбой па дрэве, а зараз няма часу, бо трэніроўкі па пяць разоў на тыдні”, - расказвае хлопец. У наступным годзе плануе ісці вучыцца ў школу алімпійскага рэзерву.Дар’я Васкабойнік усяго на год маладзейшая за брата. Яна шмат часу прысвячае вучобе, асабліва вывучэнню англійскай мовы. У мінулым годзе дзяўчынка на цэлы месяц ездзіла ў Лондан, з тых часоў марыць стаць перакладчыкам. А яшчэ яна добра малюе і спявае.Любіць спорт і васьмігадовы Кірыл. Ужо зараз ён наведвае секцыю футбола, каб у будучым трэніраваць футбалістаў.З задавальненнем расказаў пра сябе і пяцігадовы Антон. Хлопчык наведвае дзіцячы сад № 19. Любіць маляваць, ляпіць. “Магу скласці лега любой складанасці”, - з гонарам заўважае малы.А пра малодшага Арцёма нам расказала мама. Яму ўсяго чатыры, вельмі няўрымслівы, цэлымі днямі бегае па кватэры па сваіх важных справах.Нядаўна Алена Генадзьеўна была ўзнагароджана ордэнам Маці.- А ці ведаеце вы, за што мама атрымала такую ўзнагароду? – цікаўлюся.- За тое, што яна нас заўсёды разумее. Падтрымлівае. Дапамагае. Смачна гатуе. Заўсёды мае на нас час. Яна ніколі не крычыць. Цікавіцца нашымі справамі. Любіць нас і татку, - выказвалі свае меркаванні дзеці.А малы Антон дадаў: “За тое, што яна ў нас прыгажуня”.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу