Нядаўна ў сталічным Палацы спорту адбыўся чэмпіянат свету па самба. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі 62 краін. Прыемна, што сярод тытулаваных спартсменаў на гэтым прэстыжным форуме ў складзе беларускай каманды быў і дваццацігадовы кабрынчанін Андрэй Дземянчук, які выступаў у дысцыпліне “баявое самба”. Гэта адзінаборства было створана ў СССР у канцы трыццатых гадоў мінулага стагоддзя і доўгі час прызначалася толькі для супрацоўнікаў сілавых структур. І толькі ў 1991 годзе гэты від спорту стаў даступным для шырокіх слаёў насельніцтва. Тут дазволены ўсе віды ўдараў рукамі, нагамі, локцямі, каленямі і нават галавой, кідкі і іншыя прыёмы.
Андрэй дзесяць гадоў займаецца дзюдо. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, моцнаму характару спартсмен напрацаваў значны багаж вопыту і ведаў, які дазволіў у выніку стаць універсальным байцом. Распачынаў ён сваю спартыўную кар’еру ў трэнераў КСДЮШАР Андрэя Данілюка і Андрэя Анішчука, а потым закончыў Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Цяпер хлопец праходзіць тэрміновую службу ў пагранічных войсках. У яго скарбонцы ўзнагарод – трэція месцы на чэмпіянатах Рэспублікі Беларусь па дзюдо і самба, тройчы ён перамагаў на Міжнародным турніры па рукапашным баі памяці Дзмітрыя Гвішыяні, які праводзіцца штогод у Брэсце.
Адкрыццё чэмпіянату свету праходзіла ўрачыста. У гэтай цырымоніі прымаў удзел і славуты расійскі чэмпіён свету па змяшаных адзінаборствах і самба майстар спорту міжнароднага класа па дзюдо Фёдар Емяльяненка.
Першы бой на чэмпіянаце свету Андрэй правёў з туркменам і датэрмінова выйграў сустрэчу з лікам 7:0. Другі раз на татамі ён змагаўся з армянскім спартсменам. Сапернік перамог кабрынчаніна. У трэцім баі Андрэй сустракаўся з французам, які выдатна валодаў ударнай тэхнікай. Але наш зямляк прымяніў свае веды барца і чыста перамог апанента. У выніку Андрэй Дземянчук заваяваў бронзавы медаль чэмпіянату свету па самба. Цяпер малады чалавек плануе закончыць службу ў арміі і працягваць сваю спартыўную кар’еру.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Дземянчук са сваімі трафеямі.
Поделиться в соцсетях: