Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

Калі Дзюймовачка размаўляе па-французску...

04/11/2009

    Вось ужо чацвёрты раз Кобрынская школа мастацтваў прымае замежных гасцей з французскага горада Сен-Дызье. На гэтым тыдні калыску будучых музыкаў наведалі іх замежныя калегі - 28 выкладчыкаў і вучняў музычнай школы.Святлана Лёнгле, арганізатар адносін з горадам Сен-Дызье, амаль што наша зямлячка - сама яна родам з Бярозаўскага раёна. Але вось ужо больш за 30 гадоў жыве ў Францыі, дзе выкладае рускую мову, а з 1996 года займаецца добрай і карыснай справай культурнага абмену.

    - Пачыналі мы са школ Мінска, Брэста, і той, першы абмен быў, што называецца, моўны — для тых, хто ў вас вывучае французскую, а ў нас, адпаведна, рускую мову, - успамінае Святлана Уладзіміраўна. - А потым падключыўся Кобрын — пэўную ролю адыграў, можна сказаць, шчаслівы выпадак. Да нашай групы далучыліся некалькі дарослых, і ў Брэсце ўзнікла замінка з месцам пражывання. Я звярнулася да сваёй пляменніцы Святланы Мазавец — настаўніцы па класу харавых спеваў школы мастацтваў. Праблема была вырашана — а гэты выпадак стаў пачаткам доўгага і прадукцыйнага супрацоўніцтва. Зараз вось прыехалі да вас мы, а вясною, у сваю чаргу, чакаем гасцей у Сен-Дызье — дарэчы, гэты раз мы будзем сустракаць у сябе ўдзельнікаў вашага цудоўнага ансамбля «Таўкачыкі».

    Як адзначыла Святлана Лёнгле, некаторыя з гасцей прыязджаюць у наш горад у другі, а то і ў трэці раз. І заўсёды атрымліваюць масу станоўчых эмоцый. У многім дзякуючы таму, што жывуць не ў гасцініцы, а ў сем'ях. Як вынік - ужо на другі дзень першапачатковая няёмкасць знікае, а на тварах гасцей з’яўляюцца вясёлыя ўсмешкі.Адным з пунктаў цікавай і насычанай праграмы, якая была прапанавана замежным гасцям, стала наведванне Верхалескай школы — у якой, дарэчы, Святлана Лёнгле доўгі час працавала настаўніцай французскай і нямецкай моў. Сяброўскі візіт ператварыўся ў сапраўднае свята — як для вучняў, так і для гасцей. І калі апошнія далі ўсім прысутным магчымасць атрымаць асалоду ад гучання духавога аркестра на чале са сваёй выкладчыцай па класу флейты Крысцін Фабэр, то вучні Верхалескай школы паказалі гасцям выдатны спектакль «Дзюймовачка». На французскай мове!А своеасаблівай кульмінацыяй сустрэчы стала сумесная з французскімі гасцямі пасадка алеі ў скверы каля школы. Пройдзе час, выйдуць у самастойнае жыццё вучні — а ёлачкі, якія яны пасадзілі разам са сваімі французскімі сябрамі, будуць расці, як вечны сімвал сяброўства паміж Кобрыншчынай і далёкім французскім горадам Сен-Дызье.

    Дзмітрый Бялоў.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу