Прогноз погоды
Ср, 09 июля 2025

Яны працуюць на будучыню

22/01/2010

Кажуць, што той, хто дбае пра адукацыю, дбае пра будучыню. Тым больш гэтае сцвярджэнне актуальнае сёння, калі ўзровень адукаванасці насельніцтва з’яўляецца адным з асноўных паказчыкаў паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.

Сістэма адукацыі Кобрыншчыны на сённяшні дзень – адзіная адукацыйная прастора, дзе створаны ўсе ўмовы для развіцця юных кабрынчан. Для 3326 дашкольнікаў тут адкрыты і функцыяніруюць 27 дзіцячых дашкольных устаноў, 14 з якіх – у сельскай мясцовасці. 11 тысяч 42 вучні навучаюцца ў 25-ці сярэдніх, 4-х базавых, у пачатковай, вячэрняй школах і гімназіі, 10-ці дзіцячых садках-школах. Вялікая ўвага надаецца і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – для іх навучання працуе цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Адной вучобай, зразумела, справа не абмяжоўваецца. Для поўнага задавальнення адукацыйных патрэб, развіцця здольнасцей і схільнасцей школьнікаў працуюць міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, эколага-біялагічны цэнтр для дзяцей і юнацтва, цэнтр тэхнічнай творчасці, цэнтр турызму і краязнаўства. Чакаюць сваіх наведвальнікаў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры “Хваля” і “Бярозка”, вялікай папулярнасцю карыстаецца комплексная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву. А ў сувязі з правядзеннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009” сістэма адукацыі Кобрыншчыны папоўнілася яшчэ адным аб’ектам – у новым будынку лядовай арэны ўступіла ў строй дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па зімовых відах спорту.

За апошнія тры гады вялікая работа была праведзена па ўзмацненню матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Адрамантаваныя школы і дашкольныя ўстановы ў 13-ці аграгарадках раёна, праведзены капітальныя рамонты ў 7 школах і 4 дашкольных установах горада, новае аблічча атрымала і Кобрынская комплексная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву.

Мэтанакіраваная работа па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей у дашкольных установах дазволіла стабілізаваць узровень захворванняў – колькасць дзён, прапушчаных па хваробе, у раёне значна ніжэй абласнога паказчыка – 6,1 дня супраць 10 у вобласці.

Але, мабыць, самым лепшым паказчыкам паспяховасці сістэмы адукацыі з’яўляюцца поспехі саміх вучняў. З кожным годам павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія атрымліваюць медалі і атэстаты асобага ўзору, трымаецца станоўчая дынаміка паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нашы дзеці дастойна выступаюць на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах – між іншым, на працягу многіх гадоў Кобрыншчына ў гэтым плане трымае пальму першынства сярод сельскіх раёнаў і 5-е месца сярод усіх рэгіёнаў вобласці. Для параўнання: калі ў 2007-м годзе пераможцамі і прызёрамі абласных алімпіяд сталі 17 кабрынчан, то ў годзе мінулым іх было ўжо 23, прычым трое з іх занялі прызавыя месцы і на рэспубліканскім узроўні і сталі стыпендыятамі і ўладальнікамі прэміі Спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў.

Ёсць чым ганарыцца і ў сферы выхаванцаў пазашкольных устаноў. Толькі за мінулы год па выніках творчых, інтэлектуальных конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў нашы навучэнцы атрымалі 113 узнагарод абласнога, 33 – рэспубліканскага і 5 – міжнароднага ўзроўню. Думаю, кожны пагадзіцца - з такой моладдзю за будучыню можна быць спакойным.

Валянцін Трубчык

начальнік упраўлення адукацыі Кобрынскага райвыканкама

Поделиться в соцсетях:


Последние новости