Прогноз погоды
Вт, 22 апреля 2025

Інклюзія – у дзеянні

02/01/2020

Мець дзіця з асаблівасцямі – значыць, кожны дзень пераадольваць не толькі эмацыянальныя, але і фізічныя выпрабаванні. Асабліва калі жывеш у шматпавярховым доме, дзе бар’ерам становіцца звычайная лесвіца, а ты сама – маленькая кволая жанчына, хоць і з вялікім добрым матчыным сэрцам. Але на тое і Новы год, каб спаўняліся самыя запаветныя мары. Для сям’і  Віталія і Ірыны Дубчук такой марай доўгі час быў пад’ёмнік-клаймбер для маленькай дачкі Міланы. Дзякуючы дапамозе ААТ “Гомельтранснафта “Дружба” пад’ёмнік быў дастаўлены ў сям’ю за некалькі дзён да Новага года.

- Наша прадпрыемства пастаянна аказвае дапамогу тым, каму яна патрэбна, бо не можа прайсці міма чужой бяды, - расказвае начальнік філіяла “НПС “Кобрын” ААТ “Гомельтранснафта Дружба” Мікалай Куксюк. – Дапамагчы ўсім немагчыма, аднак да гэтага трэба імкнуцца.

Гусенічны пад’ёмнік, набыты ў ЗАТ “Гомельліфт”, працуе ад акумулятарнай батарэі і дазваляе камфортна перамяшчаць інвалідныя каляскі ўздоўж лесвічных пралётаў. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, гэта дасць магчымасць дзяцям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія жывуць у шматпавярховых дамах, больш актыўна  ўключыцца ў грамадскае жыццё. Гэта – перспектыўны накірунак, які сёння набірае абароты ў вялікіх гарадах.

- Наша Мілана захапляецца боча – гэта рухомая гульня з мячом, вельмі любіць басейн, і калі муж у ад’ездзе па рабоце, а так бывае даволі часта, спуск дачушкі і каляскі становіцца вялікай праблемай, - расказвае Ірына Дубчук. – Гэта проста выдатны падарунак – збылася наша даўняя мара. Дзякуй вялікі ўсім людзям, якія прыйшлі да нас на дапамогу.

Лёгкі паварот ключа – і новы пад’ёмнік з ціхім працавітым гудзеннем паехаў у свой першы рэйс па лесвіцы разам са сваёй маленькай пасажыркай. Для Міланы ён адкрые новыя гарызонты.

Дзмітрый БЯЛОЎ,

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ:

начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка, Валянцін Трубчык, дырэктар Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталья Осіпава (злева) і Мікалай Куксюк (справа) перадаюць новы пад’ёмнік сям’і Дубчук.

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости