Прогноз погоды
Чт, 05 февраля 2026

І зашумяць над Балотамі ліпы ды бярозы…

10/04/2019

Што мы можам зрабіць для сваёй малой радзімы? Калі за справу бярэцца вялікая колькасць людзей, можна многае.

Ідэя пасадзіць у вёсцы сквер з ліп і бяроз у актывістаў і старасты вёскі Балоты Сяргея Кананюка была даўно. І вось у адну з сакавіцкіх раніц мара здзейснілася.

- Хацелася, каб прыйшлі і школьнікі, і працаздольнае насельніцтва, і пенсіянеры, – падзяліўся сваімі перажываннямі стараста. – Такая справа збліжае і карэнных жыхароў, і тых, хто зусім нядаўна пасяліўся ў вёсцы.

Каб заклікаць людзей на добрую справу, былі расклеены аб’явы, а для моладзі далі кліч у інтэрнэце. Больш за 50 чалавек з рыдлёўкамі, вёдрамі і жаданнем пасадзіць дрэва прыйшлі на месца. Дзеці, дарослыя, работнікі лясніцтва, якое, дарэчы, дапамагло ў набыцці 200 саджанцаў  бярозы і 90 саджанцаў ліпы, хутка прыняліся за работу: з дапамогай шнуроў разбівалі рады, капалі ямы, насілі і дасыпалі вёдрамі чарназём, які спецыяльна прывезлі для закладкі сквера.

- Такая агульная справа вельмі важная, – каменціруе мясцовую ініцыятыву старшыня Кіселявецкага сельвыканкама Іван Будзько. – Займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, якая дагэтуль пуставала, – вельмі важна. Яшчэ адна тэрыторыя, якую нам патрэбна прывесці ў парадак, – пляцоўка недалёка ад магазіна.

Сямікласнік Максім Церашкоў даведаўся пра пасадку ў школе. Бабуля Марыя Левая, якая ў свае 77 гадоў у добрым настроі спраўлялася рыдлёўкай, набіраючы чарназём у вёдры, адзначыла, што ўсё жыццё выязджала на пасадку лесу, і для яе гэта толькі ў радасць.

- Да каго мы не звярталіся, дапамагалі ўсе, – расказвае стараста. – Напрыклад, Сцяпан Дрык прыехаў на сваім трактары. Дарэчы, тыя, хто мае сваю тэхніку, ніколі не адмаўляюць нам ні летам, ні зімой, калі, напрыклад,  патрэбна расчысціць дарогі ад снегу.

Добрыя водгукі ад такой справы хутка разляцеліся па земляках, якія жывуць не ў вёсцы. Магчыма, што ў хуткім часе новая ініцыятыва зноў збярэ вяскоцаў за агульнай справай.

Людміла ПАШКОВІЧ.

НА фота аўтара: пасадка дрэў.

 

Поделиться в соцсетях:


Популярные материалы за месяц

Последние новости