Здаецца, зусім нядаўна яны прыйшлі ў першы клас, нясмела азіраючыся ў такой новай і нязвыклай школьнай атмасферы, вучылі першыя літары... Сёння яны – выпускнікі. За спіною засталіся ўрокі і перапынкі, дзённікі і хатнія заданні. Наперадзе – усё жыццё.
Як адзначыў у час урачыстай лінейкі, якая адбылася нядаўна ў гімназіі, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, лепш за ўсё ўзровень школы дэманструюць поспехі вучняў. І вельмі хацелася б, каб гэтае званне, гэты ганаровы статус гімназістаў выпускнікі пранеслі праз усё жыццё і на асабістым прыкладзе пацвердзілі майстэрства і талент сваіх педагогаў.
На лінейцы выпускнікам прысвячаліся вершы і віншаванні, уручаліся дыпломы і граматы. Сярод тых, хто сёння пакідае школу, – выдатнікі і спартсмены, пераможцы шматлікіх конкурсаў і прадметных алімпіяд. У кожнага з іх пачынаюцца новыя клопаты, новыя пытанні і планы – зусім іншага, больш высокага парадку. Але для сваіх настаўнікаў, якія з першага класа вялі па цярністым шляху ведаў, усё роўна назаўсёды застануцца дзецьмі.
Яны і самі адчуваюць гэта – і вось, нягледзячы на сур’ёзнасць, прабіваецца на твары прыгожай дарослай выпускніцы задорная ўсмешка, якая змяняецца тым самым ні на што не падобным шчаслівым смуткам, які ўсе мы можам адчуць толькі адзіны раз у жыцці. Гучыць апошні званок… У гэтым годзе – для трыццаці сямі выпускнікоў. А ў чыстае блакітнае неба весела ўзлятаюць трыццаць сем паветраных шарыкаў, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй.
І гледзячы на тое, як яны знікаюць у блакітнай бездані, хочацца верыць, што так жа высока падымуцца на хвалях жыцця і нашы выпускнікі, якія ўжо сёння не баяцца ставіць перад сабой сур’ёзныя і складаныя мэты, дабівацца задуманага і цвёрда ісці па выбраным шляху да ганаровага звання сапраўднага грамадзяніна.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: