Горад, якім мы ганарымсяГавораць, што толькі тое грамадства з’яўляецца жыццяздольным, дзе моладзь расце на запаветах сваіх бацькоў, дзе не знікаюць традыцыі продкаў, а памяць аб мінулым становіцца падставай для новых здзяйсненняў. Менавіта гэта лепш за ўсё адчуваеш на вуліцах нашага Кобрына, дзе загадкавым чынам спалучаюцца подых сівой даўніны і магутны рытм прагрэсу, дзе з помнікаў на нас глядзяць абліччы старажытных князёў, а пад іх урачыстым поглядам расце новы горад і новае пакаленне, здольнае да самаадданай стваральнай працы. Віншуючы нашу Кобрыншчыну са святам, мы аддаем даніну пашаны ветэранам Вялікай Айчыннай, якія на свае ўласныя вочы бачылі ўсе жахі вайны, і тым, хто працаваў у гады пасляваеннага аднаўлення амаль што дашчэнту знішчанай краіны, калі ўся наша Беларусь адбудоўвалася літаральна па цаглінцы, каб сёння нам і нашым дзецям было чым ганарыцца. І мы ганарымся, калі бачым, як на кожным кроку павялічваецца колькасць нашых здабыткаў, як з кожным днём, нягледзячы на цяжкасці, наш горад робіцца яшчэ прыгажэйшым, як растуць новыя жылыя дамы і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. У кожным гэтым будынку, у кожным кіламетры чыстых і прыгожых вуліц – праца нашых сучаснікаў, якія не шкадуюць сябе, каб горад рос і квітнеў, і старэйшых грамадзян, якія ўжо ўнеслі свой уклад у развіццё рэгіёну, але і пасля выхаду на заслужаны адпачынак не пакідаюць грамадскую дзейнасць і шчодра дзеляцца сваім вопытам з маладымі. Таму што ў нашым Кобрыне – часцінка душы кожнага з яго жыхароў, і часцінка Кобрына заўсёды будзе жыць у кожным з нас, куды б ні закідваў нас няўрымслівы лёс.
Самую цяжкую і балючую частку гісторыі Кобрына ўвасабляюць помнікі Вялікай Айчыннай вайны – вечныя напаміны аб вялікім горы і найвялікшым подзвігу. Адзін з іх – сквер імя Герояў-танкістаў, які быў закладзены ў нашым горадзе ў 2004 годзе, дзе ў якасці помніка доблесным воінам 22-й танкавай дывізіі, удзельнікам аднаго з першых баёў вайны, на магутным пастаменце ўсталяваны танк “Т-44”. Сёння на гэтым месцы, як і каля ўсіх іншых помнікаў героям Вялікай Айчыннай, ляжаць кветкі, тут праходзяць шматлікія ўрачыстыя мерапрыемствы.І няхай нашы цудоўныя дзяўчаты заўсёды апранаюць ваенную форму толькі для памятных мітынгаў ды ўрачыстых імпрэз на ваенную тэматыку. Няхай зямля дорыць нам не міны і снарады, а багатыя ўраджаі ды цудоўныя палявыя кветкі, а па небе ляцяць толькі белыя аблокі. Вайна ж няхай заўсёды застаецца толькі нашай гісторыяй – горкай, страшнай, але незабыўнай. А мы на ўроках гэтай гісторыі і на прыкладах самаадданага гераізму, які назаўсёды праславіў нашу Беларусь у гады Вялікай Айчыннай, будзем гадаваць новае пакаленне свабодных грамадзян, сапраўдных патрыётаў і дастойных сыноў нашай агульнай Радзімы.
Ніколі, нават у цяжкія пасляваенныя часы кабрынчане не забывалі пра свае традыцыі і пра сваю мінуўшчыну, якія мы з асаблівай увагай і пяшчотай узгадваем сёння, у Год культуры. Гэтыя ж самыя тэмы хвалявалі кабрынчан і адразу пасля Вялікай Перамогі. Ужо ў 1946 годзе ў нашым горадзе быў заснаваны ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава – вялікага рускага палкаводца, жыццёвы шлях якога стаў часткай гісторыі Кобрына. Прынамсі, менавіта кобрынскі музей, заснаваны ў доме, што ў свой час належыў славутаму генералісімусу, – адзіны ў Беларусі, які непасрэдна звязаны з асобай Аляксандра Суворава. Сёння дзякуючы багатым калекцыям аўтэнтычных прадметаў музей, які выдатна ўпісаўся ў ансамбль адноўленай вуліцы Суворава, карыстаецца нязменнай папулярнасцю як сярод кабрынчан, так і гасцей нашага горада, а ўнікальныя экспанаты выклікаюць цікавасць як простых прыхільнікаў гісторыі, так і спецыялістаў. Зброя, абмундзіраванне, манеты, жывапіс, прадметы побыту нібыта пераносяць нас на стагоддзі ў мінулае, нагадваючы пра падзеі, якія сталі неадрыўнай часткай сусветнай гісторыі, і пра факты, на якіх фарміравалася сучасная ваенная тэорыя. І здаецца, што побач з усімі гэтымі рэчамі, амаль кожная з якіх мае глыбокі след, становішся бліжэй да тых этапаў нашай гісторыі, якія аказалі свой уплыў на нацыянальнае станаўленне не толькі кабрынчан, але і ўсяго беларускага народа.
А зусім побач, праз некалькі соцен метраў, раскінулася другая выдатная мясціна нашага горада – парк імя А.В. Суворава, дарэчы, адзін са старэйшых паркаў Рэспублікі Беларусь. Калісьці – невялікая сядзіба, а сёння - помнік прыроды рэспубліканскага значэння, ён з’яўляецца аблюбаваным месцам адпачынку для наведвальнікаў усіх узростаў. Тут можна сустрэць самыя разнастайныя пароды дрэваў, а таксама лебедзяў, качак, паўлінаў і ручных белачак, якія зусім не баяцца падыходзіць да людзей, нібыта ўвасабляючы еднасць чалавека і прыроды. Менавіта тут адбываюцца практычна ўсе мерапрыемствы раённага маштабу, а на сцэну сучаснага амфітэатра выходзяць як самыя славутыя “зоркі”, так і самыя маленькія “зорачкі”, якія толькі пачынаюць свой шлях у чароўным свеце песні і музыкі. Тут чуецца вясёлы смех дзяцей, якіх чакаюць больш за два дзясятка разнастайных атракцыёнаў і цэлае мора вяселля ў дзіцячым забаўляльным цэнтры “Кеша”. Па цяністых алеях парку любяць гуляць маладыя пары, на пляцоўку ля фантана, які ўпрыгожвае скульптурная кампазіцыя “Купалле”, прыходзяць адпачыць прадстаўнікі старэйшага пакалення. І не толькі таму, што тут вельмі ціха, утульна і прыемна, але і таму, што для кожнага кабрынчаніна парк імя А.В. Суворава з’яўляецца неадрыўнай часткай жыцця нашага горада і нашай гісторыі.
Кобрын гасцінна адкрывае для ўсіх дзверы сучасных спартыўных і аздараўленчых комплексаў, сярод якіх – лядовая арэна і аквапарк. У першым з іх размясцілася дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па зімовых відах спорту, дзе ў хакейных секцыях сёння займаюцца больш за 120 падлеткаў рознага ўзросту, якія ўжо зараз паказваюць выдатныя вынікі напрацягу матчаў як з беларускімі камандамі, так і з нашымі гасцямі з-за мяжы, дорачы новыя і новыя нагоды для гонару. Дарэчы, дзякуючы лядовай арэне на Кобрыншчыну прыйшоў і сапраўдны вялікі хакей, а кабрынчане цяпер маюць магчымасць на свае вочы назіраць за матчамі з удзелам каманд рэспубліканскага ўзроўню. Акрамя хакеістаў, тут трэніруюцца больш за 60 юных прыхільніц і прыхільнікаў фігурнага катання, выступленні якіх выклікаюць нязменныя апладысменты на ўсіх “лядовых” мерапрыемствах самага рознага ўзроўню.
Шмат разнастайных прапаноў для здароўя кабрынчан і гасцей горада усіх узростаў прапануе і АЦ “Аквапарк”, дзе наведвальнікі могуць атрымаць цэлы спектр медыцынскіх і эстэтычных паслуг ці проста паплаваць у сваю асалоду. Сваіх наведвальнікаў тут чакаюць басейн з атракцыёнамі, плавальны басейн, зала саўн, медыцынскае аддзяленне, трэнажорная зала і многае іншае. Адным словам, карысны і здаровы адпачынак, а пры неабходнасці – і лячэнне, знойдуцца для кожнага.
Ну а калі адпачынак і падтрымка спатрэбяцца не целу, а душы, знайсці іх можна ў храмах, якіх на Кобрыншчыне вялікае мноства. У час праваслаўных святаў здаецца, што меладычны гук царкоўных званоў з усіх бакоў горада льецца ў самае сэрца. Своеасаблівай жамчужынай сярод іх з’яўляецца Свята-Аляксандра-Неўскі сабор, які быў закладзены ў 1864 годзе ў памяць рускіх салдат, загінуўшых у час Кобрынскага бою ў Айчыннай вайне 1812 года, калі была атрымана першая значная перамога над войскам Напалеона. У гэтага храма вельмі няпросты гістарычны лёс: сабор перажыў пажар, пераабсталяванне ў планетарый, потым - у архіў… Толькі ў 1990 годзе храм быў адбудаваны і асвячоны зноў і сёння з’яўляецца цэнтральным месцам праваслаўных набажэнстваў нашага горада і гістарычна-культурнай каштоўнасцю. А на бліскучых крыжах весела ззяе яркае летняе сонейка, нібыта радуючыся разам з людзьмі выратавальнай моцы сапраўднай веры, дабрабыту і мірнаму жыццю. І, гледзячы на гэтую прыгажосць, якая жывым золатам пераліваецца пад блакітным мірным небам нашай Радзімы, хочацца ад усёй душы павіншаваць усіх, хто тут нарадзіўся, вырас ці аддаў хаця б частку свайго жыцця гэтай цудоўнай зямлі. Са святам вас, кабрынчане! Са святам, родная Кобрыншчына!Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: