Ср, 16 октября 2024
Прогноз погоды

Гарады-пабрацімы: кантакты ўзнаўляюцца

17/04/2014

З 3 па 6 красавіка ў г. Франкфурт-на-Одэры адбылася восьмая па ліку беларуска-германская сустрэча гарадоў-пабрацімаў. У гэтым маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 30 гарадоў дзвюх краін. У склад беларускай дэлегацыі, якую ўзначаліў старшыня ГА ”Пародненыя гарады”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Барыс Батура, увайшлі прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў. Кобрыншчыну на гэтым міжнародным форуме прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Жук. Падрабязней аб замежным візіце Валянцін Васільевіч расказаў нашай газеце.

- Пасля пэўнага перапынку гэта мерапрыемства было арганізавана нашымі суайчыннікамі ў тандэме з нямецкімі калегамі - адміністрацыяй горада Франкфурт-на-Одэры, фонду “Сустрэчы Захад-Усход”, федэральным аб’яднаннем суполак “Захад-Усход”, а таксама пры падтрымцы пасольства Беларусі ў ФРГ і германскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску. Галоўная мэта такіх сустрэч – абнавіць і ўмацаваць партнёрскія сувязі, якія ў межах падпісаных пагадненняў аб усебаковым супрацоўніцтве складаліся на працягу шэрагу гадоў.Нямецкі бок падрыхтаваў насычаную культурную праграму. А распачалася яна з азнаямленчай экскурсіі. Мы наведалі Бундэстаг (федэральны сход Германіі), пабывалі на яго рабочым пасяджэнні. Побач з будынкам Бундэстага знаходзіцца вялікая зялёная пляцоўка, на якой адпачывалі шматлікія сем’і, гулялі дзеці. Дарэчы, немцы вельмі пільную ўвагу надаюць экалагічнаму выхаваню грамадскасці, ахове навакольнага асяроддзя, культуры быту. І гэта было бачна, як кажуць, простым вокам - як у Берліне з яго шматлікімі дагледжанымі паркавымі ансамблямі, чыстымі, добраўпарадкаванымі вуліцамі, так і за яго межамі. Таксама прыемна ўразіла славутая педантычнасць. Напрыклад, гарадскі транспарт сапраўды заўсёды прыходзіць да прыпынка хвіліна ў хвіліну.Мы пабывалі ў Еўрапейскім універсітэце “Віядрыяна” Франкфурта-на-Одэры. З удзелам мэра горада Марціна Вільке, старшыні прэзідыума фонду “Сустрэчы Захад-Усход” Хельмута Домке, а таксама надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у ФРГ Андрэя Гіро ў рабочых групах абмяркоўвалі важныя і злабадзённыя тэмы, якія тычыліся садзейнічання развіццю эканомік дзвюх краін, прыцягнення інвестыцый, лакальных стратэгій у сферах павышэння энергаэфектыўнасці, домакіравання і беражлівага стаўлення да жыллёвага фонду ў беларускіх гарадах, новых сумесных праектаў у сферах камунальнай гаспадаркі.Кобрынская дэлегацыя прыняла актыўны ўдзел у подыумнай дыскусіі на тэму “Умацаванне беларуска-германскай сеткі гарадоў-пабрацімаў шляхам пашырэння шматбаковага супрацоўніцтва”. Асабліва запомнілася выступленне кіраўніка Усеагульнага саюза інвалідаў Германіі “За самавызначэнне і годнасць” Ільі Зайферта, які выступіў з канструктыўнымі прапановамі і крытычнымі заўвагамі. Прывяду адну з яго цытат: ”Думкі і погляды, якія існуюць у еўрапейскім грамадстве наконт людзей з абмежаванымі магчымасцямі, нікога не могуць пакінуць абыякавымі. Ты асаблівы і я асаблівы… Як добра, што мы асаблівыя, не падобныя адзін на аднаго. Але мы заўсёды побач. Мы - разам! Галоўнае - не гаварыць аб людзях з абмежаванымі магчымасцямі, а гаварыць з імі аб іх праблемах. Толькі так трэба падтрымліваць гэтых людзей”.Надзея Жук працавала ў рабочай групе, дзе абмяркоўвалася роля маладзёжных суполак у пабрацімскім руху. Дарэчы, германская моладзь жыве такімі ж інтарэсамі, што і беларуская – захапляецца музыкай, спортам, танцамі, вывучэннем замежных моў, ініцыіруе крэатыўныя праекты.У межах мерапрыемства мы сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі пабраціма Кобрына - г. Ульцэна. Сяброўскія сувязі з гэтым нямецкім горадам працягваюцца вось ужо 19 гадоў. Адзначу, што кіраўніцтва Ульцэна на чале з бургамістрам Ота Лукатам з аптымізмам глядзіць на развіццё двухбаковых адносін паміж гарадамі-пабрацімамі. Тым больш, што кіраўнік выканаўчай улады Кобрыншчыны Аляксандр Зазуля ўжо наведваў Ульцэн з рабочым візітам у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Мы гатовыя ў тым ліку прапанаваць патэнцыяльным замежным інвестарам поле дзейнасці ў эканоміцы Кобрыншчыны, напрацоўкі ў сферы аграэкатурызму, фізкультуры і спорту, маладзёжнай палітыкі і інш. Сёлета мы запрасілі замежных калег з Ульцэна на ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі і Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У наступным годзе плануем адзначыць юбілей сумесных дзелавых зносін. Перакананы, што наша сяброўства будзе мець годны працяг.Запісаў Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: Валянцін Трубчык і Надзея Жук разам з бургамістрам г. Ульцэна Ота Лукатам.Фота з архіва Валянціна Трубчыка.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу