Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

Фітнэс - стан душы

05/04/2011 Здаровы лад жыцця

Больш за сто прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва прынялі ўдзел у першым на Кобрыншчыне буйнамаштабным праекце “Місіс Фітнэс-2011”, які праводзіўся ў мінулую нядзелю на базе РФАУ “Атлант” пад эгідай аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама. Непасрэдны ўдзел у арганізацыі гэтага форуму грацыі прынялі прадстаўнікі ГА “Жаночы клуб прыгажосці і развіцця” пры гарадскім Палацы культуры, а таксама фітнэс-цэнтр “Атлант”.

Галоўная задача праекта - прыцягненне максімальнай колькасці кабрынчанак да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай. Тым больш, што сёння ў горадзе для гэтага ёсць усе ўмовы. У прыватнасці, фітнэс-цэнтр “Атлант” наведваюць прыкладна 150 чалавек, якія з задавальненнем асвойваюць элементы пілатэсу, ёгі, аэробікі, лаціны і нават усходняга танца жывата. Існуюць  групы як для навічкоў, так і для больш вопытных аматараў, узроставыя бар’еры практычна адсутнічаюць. Папулярнасць наведвання такіх заняткаў з кожным годам узрастае. Фітнэс не толькі робіць больш прывабнай фігуру, але і спрыяльна ўплывае на абмен рэчываў у арганізме, павышае імунітэт, дапамагае развітацца са стомленасцю,  развівае ўстойлівасць да стрэсавых сітуацый.

На суд журы былі прадстаўлены 16 калектываў фізкультуры  прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада. Намеснік дырэктара  па інфармацыйнай рабоце КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Святлана Раманюк паведаміла, што ў калектыве развіваюцца пазіцыі здаровага ладу жыцця. У праекце “Місіс Фітнэс” прынялі ўдзел дзесяць жанчын  - ад дворнікаў да супрацоўнікаў адміністрацыі.

Вітаў канкурсантак начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама Васіль Знахарчук. Праграма мерапрыемства была пабудавана па аналагу аднаго вялікага ўроку па фітнэсу і складалася з трох этапаў: элементаў базавай аэробікі, рэлакціруючых практыкаванняў, а таксама майстар-класа па асновах танца жывата. Лепшыя былі вызначаны па выніках кожнага з этапаў. Аднак ніхто  з удзельніц не пакідаў пляцоўку. Кожны меў магчымасць прайсці ўсе выпрабаванні да фіналу. Вяла конкурс кіраўнік фітнэс-цэнтра “Атлант” Таццяна Алексяюк.

Рытмы захапляючых мелодый, а таксама ўсмешкі на тварах канкурсантак стваралі атмасферу свята.

І вось журы выбрала фіналістак. Трэцяе месца заняла Алена Цярлецкая з КУШВП ЖКГ "Кобрынская ЖКГ”, другое ў Людмілы Арабей, якая прадстаўляла фітнэс-цэнтр “Атлант”, а звання “Місіс Фітнэс-2011” удастоілася Наталля Паўлюкавец. Пераможца прадстаўляла каманду ААТ “Кобрынскі масласырзавод”. У інтэрв’ю “КВ” яна паведаміла, што з фізкультурай сябруе ўсё сумленнае жыццё. Наведвае заняткі не толькі на сваім прадпрыемстве, дзе створаны для гэтага ўсе належныя ўмовы, але і сеансы плавання ў КСДЮШАР.

У спецыяльнай намінацыі “Лепшая каманда па фітнэсу” адзначаны дзяўчаты з ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы ад арганізатараў спаборніцтва, а таксама прызы ад кампаніі “Мэры Кей”.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: у працэсе конкурснага адбору; (злева направа) фіналісткі “Місіс Фітнэс-2011” Алена Цярлецкая, Наталля Павлюкавец і Людміла Арабей.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу