Трэці па ліку фестываль маладзёжных ініцыятыў “Вольны рух” прайшоў 19 жніўня ў нашым горадзе. Арганізатары дынамічнай і маляўнічай імпрэзы – РК “БРСМ” і кінатэатр “Радуга” – зрабілі ўсё, каб яна атрымалася змястоўнай, цікавай і залучыла як мага большую колькасць моладзі. І гэта арганізатарам удалося на славу! Юнакі і дзяўчаты не толькі з нашага горада, але і з іншых месц Беларусі сабраліся ў гэты дзень адразу на пяці пляцоўках, дзе дэманстравалі свае здольнасці і таленты ў розных маладзёжных напрамках.
На адкрытай пляцоўцы “Bomb Art” на вачах зацікаўленых гледачоў з’яўляліся ўражлівыя карціны жывапісу-графіці, рэперы і біт-боксеры ладзілі сваё шоу на пляцоўцы “Сіла двух”, дзе потым таксама адбыўся чэмпіянат па танцах. Было цесна і горача на яшчэ адной музычнай пляцоўцы з адпаведнай назвай “Music”. Тут разгарнулася нежартоўная барацьба ў конкурсах маладых выканаўцаў і музычных груп; а свае майстэрства, спрыт і сапраўдную адвагу тынэйджары на поўную магутнасць праявілі ў спаборніцтвах ролераў, скейтараў, трэйсераў, велатрыялістаў.
Няпроста было прабіцца і да пляцоўкі зборных альтэрнатыў “Free Move”, дзе праходзіў конкурс “Моладзь.by”, многія з маладых людзей жадалі быць мадэлямі на фотакастынгу “Я бачу гэты свет такім!”, і паўсюль панавала атмасфера радасці, шчырасці і вольнага адчування жыцця.
Завяршыўся фестываль падвядзеннем вынікаў, гала-канцэртам з удзелам пераможцаў і гасцей і відовішчным феерверкам.
На здымках: цікавыя моманты фестывалю “Вольны рух”.
Тэкст и фота Ігара СІДАРУКА.
Поделиться в соцсетях: