Вс, 09 февраля 2025
Прогноз погоды

Фармальны падыход недапушчальны

19/02/2018

Выбарчая кампанія 2018 года, падвядзенне вынікаў і зацвярджэнне плана работы гарадскога аб’яднання прафсаюзаў і Кобрынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” – гэтыя і іншыя пытанні знайшлі разгляд у час семінара-нарады з ідэалагічным і прафсаюзным актывам Кобрыншчыны. У рабоце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Кузіч.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, выбарчая кампанія патрабуе ад кожнага з нас максімальнай засяроджанасці - фармальны падыход да гэтага пытання недапушчальны. Старшыня прадметна пагаварыў з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Кобрыншчыны і выказаў надзею, што працоўныя калектывы адзначацца актыўным удзелам у надыходзячых выбарах.

Вынікі работы за 2017 год падвёў старшыня Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Трубчык. Ён падкрэсліў, што гарадское аб’яднанне прафсаюзаў на Кобрыншчыне з’яўляецца самай масавай грамадскай арганізацыяй, 188 “пярвічак” якой ахопліваюць больш за 23 тысячы чалавек. Шматграннай з’яўляецца і спецыфіка работы, якая ўключае развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, садзейнічанне галіновым прафсаюзам у стварэнні новых “пярвічак”, маніторынг праблемных пытанняў у сферы аплаты працы, занятасці насельніцтва, аховы працы. Высока ацаніла дасягненні кабрынчан намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына, якая падкрэсліла, што Кобрынскае гарадское аб’яднанне прафсаюзаў утрымлівае першае месца ў вобласці, уступаючы толькі Брэсту.

Знайшло разгляд і такое актуальнае пытанне, як рэалізацыя Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Як адзначалася на працягу семінара-нарады, самае галоўнае – што гэты дакумент будзе садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў і забяспечваць індывідуальны падыход да кожнага. Калі нехта свядома не плаціць налогі, гэта азначае толькі тое, што за яго іх плаціць нехта іншы. Кожны чалавек, які можа працаваць, павінен на роўных удзельнічаць у фінансаванні паслуг, якія нам прадастаўляе дзяржава. У той жа час выказваліся прапановы ствараць гарантыі занятасці для добрасумленных работнікаў – напрыклад, замацаваць на ўзроўні заканадаўства прадоўжванне кантракту для тых супрацоўнікаў, якія працуюць без пакаранняў.

Аб рабоце Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” расказаў старшыня Раман Мельнік. Ён адзначыў, што “Белая Русь” на Кобрыншчыне дынамічна развіваецца – толькі за мінулы год пярвічныя арганізацыі  з’явіліся на ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” і ААТ “Брэсцкія традыцыі”, і падкрэсліў, што ў “Белай Русі” заўсёды рады бачыць ініцыятыўных і актыўных грамадзян. Напрыканцы мерапрыемства Раман Мельнік і Міхаіл Трубчык уручылі граматы, пісьмы падзякі і каштоўныя падарункі лідарам “пярвічак” “Белай Русі” і прафсаюзных арганізацый за актыўную дзейнасць і добрасумленную працу.

Вынікі семінара-нарады падвёў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Ён адзначыў, што ідэалагічныя і прафсаюзныя лідары павінны быць сапраўднымі пасіянарыямі, якія ў стане ўзначаліць і павясці людзей за сабою, і менавіта ад гэтых лідараў у многім залежыць настрой, які пануе ў калектывах. На кантролі ідэалагічнага і прафсаюзнага актыву павінны знаходзіцца такія пытанні, як прапаганда сямейных каштоўнасцяў, здаровы лад жыцця, прафілактыка шкодных звычак, якія непасрэдна ўплываюць на дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне. Вялікія праблемы пачынаюцца з малой нядбайнасці – недапушчальна быць абыякавымі да  людзей, якія жывуць побач з намі, да якасці іх жыцця і да падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне і датычацца кожнага з нас. У заканчэнні намеснік старшыні райвыканкама падкрэсліў значнасць ролі працоўных калектываў у развіцці Кобрыншчыны і пажадаў ім новых поспехаў і дасягненняў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Міхаіл Трубчык уручае грамату старшыні прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Ручайка” Валянціне Уласовіч.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу