Ср, 11 сентября 2024
Прогноз погоды

Ещё раз о безопасности пешеходов

16/01/2012 Закон и право

18 снежня, ноччу, на скрыжаванні вуліцы Дзяржынскага і 700-годдзя Кобрына 20-гадовы жыхар Кобрына, кіруючы аўтамабілем маркі «Фальксваген-Пасат», здзейсніў наезд на жанчыну, якая пераходзіла праезную частку па-за пешаходным пераходам. 45-гадовая жанчына не абазначыла сябе святлозваротным элементам, і таму яе не заўважыў вадзіцель. У выніку яна трапіла ў бальніцу з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.

Гэта толькі адзін выпадак, які адбыўся на дарогах нашага раёна. На жаль, падобных прыкладаў шмат. На сённяшні дзень на тэрыторыі Брэсцкай вобласці адбылося 268 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у якіх 53 чалавекі загінулі і 219 атрымалі раненні, прычым у 122 выпадках здарэнні адбыліся па віне саміх пешаходаў. 50 - знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Цяжка нават уявіць, колькі чалавечых пакут заключана ў гэтых сухіх даных. Кожны дзень у чыйсьці дом прыходзіць гора, некага родныя і блізкія ўжо ніколі не дачакаюцца. Але нават зараз, калі адбываюцца такія трагедыі, мы па-ранейшаму застаемся абыякавымі, не жадаючы нічога мяняць, пакуль гэта не датычыцца каго-небудзь асабіста.

Кожны пешаход павінен памятаць, што ў цемры вадзіцель заўважае пешахода на дарозе ў бліжэйшым святле фар прыкладна за 30-40 метраў. Гэтага яўна недастаткова, каб пазбегчы наезду. Калі пешаход абазначаны флікерам, то адлегласць павялічваецца да 140 метраў, а пры далёкім святле фар - да 400 метраў.

Хацелася б у чарговы раз нагадаць пешаходам, што за парушэнне Правілаў дарожнага руху прадугледжана адміністрацыйная адказнасць - папярэджанне ці штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь.

А калі пешаход парушыў правілы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, штраф складае ад трох да пяці базавых велічынь.

Пераходзьце праезную частку толькі па пешаходных пераходах і на дазваляючы сігнал святлафора. А ў цёмны час сутак абавязкова насіце святлозваротныя элементы.

Сяргей БЫЧКОЎСКІ,

начальнік АДАІ Кобрынскага РАУС.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу