Прогноз погоды
Чт, 12 февраля 2026

Дзеці вайны. Аркадзь Цітоў: «Лічу сваім прамым абавязкам як мага больш расказаць пра тое, што перажыў сам і маё пакаленне»

12/02/2026 Беларусь помнит Профсоюз Актуально Кобрин БАКУН

– Чаму ніколі не адмаўляюся ад сустрэч з падлеткамі, з працоўнымі калектывамі? – разважае Аркадзь Цітоў. – Мне хутка споўніцца 90 гадоў, часам цяжка бывае вытрымаць тэмп, здароўе падводзіць, але, калі добра сябе адчуваю, іду ў людзі, таму што лічу сваім прамым абавязкам як мага больш расказаць пра тое, што перажыў сам і маё пакаленне. Нас мала такіх засталося, хто бачыў на ўласныя вочы жахі вайны: хутка дзеці будуць вывучаць яе толькі па кніжках ды фільмах, а там, згадзіцеся, не заўсёды праўда…

12 лютага, "Кобрынскі веснік"/ Вайну сустрэў наш герой пяцігадовым басаногім хлопчыкам. Ён жыў з бацькамі на Гомельшчыне ў Жлобіне. Помніць, як бамбілі горад, як паліцаі выгналі іх сям’ю з уласнай хаты ў цэнтры, бо там пасяліліся немцы, на ўскраіну, дзе раней жылі яўрэі, якіх расстралялі.

Несціханым болем у сэрцы адгукаюцца падзеі 1944 года. Раніца 10 сакавіка выдалася для жлобінцаў страшнай. Немцы ўчынілі аблаву, зганялі ўсіх з хат і кватэр на плошчу. У іх ліку была і сям’я Цітовых – бацькі і чацвёра дзяцей.

– Нас пагналі пад канвоем з горада, праз некалькі дзён мы апынуліся ў вёсцы Азарычы, дзе быў размешчаны канцэнтрацыйны лагер, – згадвае Аркадзь Паўлавіч. – На тэрыторыі Калінкавіцкага раёна акрамя таго, куды мы трапілі, іх было яшчэ два. Яны былі створаны з мэтай, каб выкарыстаць людзей як прыкрыццё перад войскамі Чырвонай арміі, якія вялі актыўнае наступленне, і ў якасці біялагічнай зброі.

Звозілі і кідалі да нас хворых на тыф, большасць з іх былі дзеці. Фашысты разлічвалі на тое, што хвароба распаўсюдзіцца і на нашых салдат. У халодным балоце людзі пачалі паміраць, як мухі. Колькасць трупаў расла, іх ніхто нікуды не выносіў.

Забалочанае месца пад адкрытым небам, агароджанае па перыметры калючым дротам... З вышкі за вязнямі наглядалі немцы з аўтаматамі. Будаваць навесы забаранялася, як і распальваць агонь, каб хоць крыху сагрэцца. Калі хто рабіў спробу выбрацца за дрот, адразу даганяла аўтаматная чарга.

У першым лагеры Цітовы прабылі тры дні, пасля чаго іх перавялі ў другі. Раз’юшаныя паражэннем, фашысты не ўсведамлялі, што перад імі былі простыя мірныя людзі. Яны хацелі схавацца за іх спіны, выйграць час, каб паспець адступіць.

– Наступала ноч, станавілася зусім невыносна. Цемра, холад. Пасля сну пальцы нельга было разагнуць. На трупах спалі, каб сагрэцца. Жывот круціла ад голаду. Маці з бацькам па чарзе трымалі малодшую сястрычку на руках, каб яна не датыкалася нагамі да дрыгвы. Раніцу ўсе сустракалі, як прамень надзеі.

Чырвоная армія была вельмі блізка. Кожны хацеў верыць у тое, што дачакаецца вызвалення. Усяго мы правялі ў лагеры дзесяць жудасных дзён – адзін можна лічыць за месяц. Сам здзіўляюся, як наша сям’я выжыла. Бацьку аставілі ўпершым лагеры, разам з іншымі мужчынамі выганялі капаць акопы. Яму пашчасціла вырвацца з фашысцкага палону і ўцячы.

Пазней ён пайшоў на фронт, дзе двойчы быў паранены. Раненне, якое атрымаў перад Перамогай, было вельмі цяжкім. Дома не маглі нарадавацца, калі праз тры месяцы пасля завяршэння вайны ён вярнуўся са шпіталя, – працягвае субяседнік.

gydbmbmb

Аркадзь Цітоў са сваёй сям'ёй

Вязняў канцлагера вызвалілі ў ноч з 18 на 19 сакавіка. Чырвонаармейцам прыйшлося дзейнічаць асцярожна ў вельмі складаных умовах. Людзей выводзілі па вузкіх сцежках па мінным полі, шмат было і зусім знясіленых, якіх неслі на насілках.

– Калі ўжо нас вывелі з лагера, прапанавалі зайсці ў спецыяльна прыгатаваную палатку, каб сагрэцца і паесці. Маці згадвала, што, як толькі мы трапіліў цяпло, так усе там і заснулі на суткі.

Самая малодшая з чацвярых дзяцей Цітовых Тамара не перанесла канцлагера – памерла па дарозе дамоў. Пасля вайны сям’я, як і ўся краіна, пакрыху пачала ўставаць на ногі. Аркадзь добра вучыўся, праяўляў здольнасці да матэматычных навук, але яшчэ больш любіў фізічную культуру – часта адстойваў гонар школы і быў пераможцам розных спаборніцтваў.

Калі стаў выбар – куды пайсці вучыцца, думкі настаўнікаў-дарадчыкаў раздзяліліся. Юнак прыслухаўся да сябе і вырашыў адправіць дакументы ў інстытут фізічнай культуры і спорту ў Мінск:

– Конкурс быў туды вялікі – 11 чалавек на месца, але я паступіў. Праўда, не доўга радаваўся. Загінуў бацька – яго збіла машына. Дзве вайны прайшоў, акрамя Вялікай Айчыннай – савецка-фінскую, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі ад палякаў, а вось якая смерць надбала. На дапамогу з дому не мог разлічваць. Стаў думаць, як самому зарабіць.

Пачаў прымаць удзелу гульнях за зборную БССР па гандболе, падзарабляў трэніроўкамі ў дзіцячых секцыях. Лішнюю капейку не траціў – адсылаў маці. У Кобрын трапіў дзякуючы свайму сябру з Баранавічаў, які даў добрую характарыстыку нашаму гораду: ціхі, утульны і, што галоўнае, – вялікая ўвага надзяляецца ў ім спорту.

15 верасня 1959 года Аркадзь Цітоў быў прыняты на работу трэнерам па валейболе ў дзіцячую спартыўную школу, якая тады знаходзілася пры сярэдняй школе № 2 г. Кобрына. Ужо праз год райвыканкам маладога спецыяліста за добрую падрыхтоўку каманды Кобрынскага раёна да абласной спартакіяды школьнікаў узнагародзіў Пісьмом падзякі.

За 13 гадоў работы ў спартыўнай школе наш герой прывіў любоў да здаровага ладу жыцця многім дзецям, выхаваў 10 будучых трэнераў і выкладчыкаў фізічнай культуры, сярод якіх вядомыя многім Аляксандр і Анатолій Сідзюкі, Юрый Веснін і іншыя. Каманды па валейболе і футболе пад яго кіраўніцтвам дасягалі перамог на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

photo 2026 02 12 12 36 26

У юнацкія гады

За дасягнутыя поспехі і значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі ў 1971 годзе Аркадзь Цітоў быў удастоены адной з самых высокіх узнагарод у гэтай сферы – нагруднага знака «Выдатнік адукацыі».

Ведаюць у нашым горадзе Аркадзя Цітова і як абаронцу інтарэсаў людзей. На працягу 27 гадоў ён узначальваў Кобрынскую раённую арганізацыю прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

– Прафсаюзны лідар – як пракурор. Да яго звяртаюцца ў першую чаргу за праўдай тыя, чые правы былі парушаны. Ты павінен дасканала разабрацца ў сітуацыі і ўстанавіць справядлівасць, а гэта не заўсёды проста. Бывае закон не на баку работніка, а дапамагчы яму трэба. Спадзяюся, я нікога не пакрыўдзіў.

Свой уклад унёс наш герой і ў развіццё спартыўнай базы Кобрыншчыны. Дзякуючы яго ініцыятыве, а таксама загадчыка аддзела адукацыі горада Івана Булаха, якія запэўнілі кіраўніцтва гарвыканкама ў неабходнасці новага аб’екта, у Кобрыне пабудавалі сённяшнюю комплексную спартыўную дзіцяча-юнацкую школу. З яе сцен выйшла ў свет многа выдатных спартсменаў. Яна працягвае заставацца цэнтрам прыцягнення дзяцей, дзе прывіваюцца любоў да здаровага ладу жыцця і фарміруецца характар. Разам з жонкай Аленай, якая, на жаль, нядаўна памерла, Аркадзь Паўлавіч выгадаваў сыноў Вадзіма і Аляксандра:

– У мяне чацвёра ўнукаў і адна праўнучка. Параўноўваю наша пакаленне з сучаснай моладдзю. Не скажу, што яна дрэнная. Другая, не прывыкла чакаць, хоча, каб усё адразу ў яе было. Не заўсёды так можа быць. Калі што і ўпадзе з неба, то цаніць малое не навучышся. Трэба знаходзіць да яе свае падыходы.

Дарэчы, сярод шматлікіх грамат і падзяк ёсць у нашага героя і ўзнагарода за актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення:

– Патрыятызм трэба фарміраваць, чалавек з ім не нараджаецца. Падлетак не стане патрыётам, калі яму не прывіць гонар за сваю Бацькаўшчыну. А для гэтага трэба раскрыць старонкі яе гісторыі, паказаць багатую культуру і традыцыі, расказаць, хто стаіць за слаўным мінулым, каб дзеці ведалі, кім ганарыцца, – звяртаецца да тэмы, з якой пачалася наша размова, Аркадзь Цітоў.

– Аднойчы мне так балюча было пачуць фразу пра тое, што быццам я прыдумаў многае пра канцлагер, так як у сілу ўзросту не мог помніць апаленага вайной дзяцінства. Хіба такое можна выдумаць? Я магу згадаць нават яшчэ больш з таго, што ўжо расказваў, бо многае запала таксама са слоў маці, бацькі… Часам не помніш падзей нядаўніх, а малюнкі мінулага не сцерці – вельмі вялікі эмацыянальны ўплыў яны на мяне аказалі.



ДАВЕДКА. Усяго з Азарыцкіх лагераў смерці было выведзена 33480 чалавек. Па розных дадзеных, тут загінула ад 7 да 20 тысяч ахвяр фашызму. Для аказання дапамогі было арганізавана 25 палявых шпіталяў, больш за 3 тысячы салдат і афіцэраў удзельнічалі ў вызваленчай аперацыі.



Алена БАКУН

Фота аўтара і з архіва Аркадзя ЦІТОВА

Поделиться в соцсетях:


Последние новости