Дваццаць гадоў таму, у 1994 годзе, была ўтворана ваенізаваная пажарная часць горада Кобрына, якая спачатку з’яўлялася структурай РАУС і толькі праз нейкі час была перададзена ў склад МНС Рэспублікі Беларусь.Чым жыве Кобрынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях сёння, нам расказаў яго начальнік Леанід Панасюк.
Цяпер у аддзеле 3 пажарна-аварыйныя выратавальныя часці, з іх дзве знаходзяцца ў горадзе і адна – у Дзівіне. Ёсць 5 пажарна-аварыйных выратавальных пастоў - у вёсках Гарадзец, Плянта, Кісялёўцы, Батчы і пасёлку Арэхаўскім. Аддзел забяспечаны неабходным абсталяваннем, тэхнікай. У калектыве - 129 чалавек, з іх – 27 афіцэраў.
У народзе выратавальнікаў па-старому называюць пажарнымі. Аднак па тэлефоне “101” аказваецца дапамога людзям не толькі пры пажарах, але і іншых надзвычайных сітуацыях: паводках, аварыях, стыхійных бедствах.Як заўважыў Леанід Данілавіч, выпадковых людзей сярод выратавальнікаў няма. “У нашым аддзеле служаць людзі, з якімі не страшна ісці ў разведку. Я цалкам ім давяраю”, - так характарызуе сваіх саслужыўцаў кіраўнік. Тут разумеюць, што поспех выратавальнай аперацыі залежыць ад зладжанасці дзеянняў усяго аддзялення.
Кіраўнік адзначыў тых, хто дасягае лепшых паказчыкаў у рабоце. Гэта Сяргей Майсюк - начальнік каравула ПАВЧ-1, Аляксандр Дашчук - начальнік ПАВП № 15, Віктар Наскоў - вадзіцель ПАВП № 15, камандзіры аддзяленняў ПАВЧ-1 Алег Данілюк і Валерый Ярмаловіч. З удзячнасцю Леанід Данілавіч успамінае ветэранаў выратавальнай службы і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Сярод супрацоўнікаў шмат тых, хто быў сведкам станаўлення ваенізаванай пажарнай службы. Гэта начальнікі каравулаў Сяргей Майсюк і Валерый Мішэвіч, старшы пажарны Раман Шуст, вадзіцель Павел Астапук і іншыя.“Ваенізацыя пажарнай службы пачалася з вучэнняў. Пажар – гэта страшная бяда, і карціны яго – жудасныя. Да такой работы патрэбна быць маральна падрыхтаваным. Калі чалавек не мог справіцца з псіхалагічным бар’ерам, то звальняўся”, - успамінае Сяргей Майсюк.Першае дзяжурства Паўла Астапука было якраз у дзень ваенізацыі пажарнай часці – 14 кастрычніка. “Зараз у аддзеле больш за 20 транспартных адзінак, а раней пажарная тэхніка знаходзілася ў розных ведамствах. Ды і тэхнічныя характарыстыкі яе зараз больш высокія”, - расказвае Павел Сцяпанавіч.На рахунку выратавальнікаў - тысячы выратаваных жыццяў і матэрыяльных каштоўнасцяў. Многае змянілася за гэтыя дваццаць гадоў. Толькі як і раней, па трывожным званку за лічаныя хвіліны выратавальнікі выязджаюць на дапамогу людзям.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: