Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Добрыя навіны: “Феміда” не здраджвае кабрынчанам

10/05/2011 Молодёжь Образование Военно-патриотическое воспитание

Прыгожыя хлопцы і дзяўчаты ў ладна падагнаным камуфляжным адзенні даўно перасталі здавацца экзотыкай для жыхароў нашага горада. Яны – вучні кадэцкіх і юрыдычных класаў, якія з 2002-га года існуюць у САШ №4. Год за годам гэтыя рабяты, якія не на словах, а на справе ведаюць, што такое сапраўдны патрыятызм, падтрымліваюць гонар сваёй школы - высока трымаючы сцяг грамадзянскай свядомасці, выдатны ўзровень ведаў і той ні на што не падобны дух сапраўднага братэрства, які простым вокам відаць на кожнай сустрэчы.

Удзел у рэспубліканскай алімпіядзе “Феміда”, якая праводзіцца Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ужо стаў для вучняў САШ №4  традыцыяй. Вось і ў гэтым годзе маладыя юрысты зноў прыехалі са сталіцы з дыпломам – занялі другое месца ў краіне.

На алімпіядзе кабрынчанам прапанавалася прадэманстраваць свае веды і здольнасці ў самых разнастайных конкурсах. Акрамя ўжо прывычных тэарэтычных выпрабаванняў, конкурсу аратараў, прадстаўлення каманды і конкурсу эсэ, былі і своеасаблівыя сюрпрызы – напрыклад, камандам давялося рабіць інсцэніроўку байкі на юрыдычную тэматыку і, адпаведна, праяўляць артыстычныя здольнасці. Ва ўсіх выпрабаваннях нашы маладыя юрысты былі на вышыні - і толькі збег акалічнасцей, на жаль, не дазволіў ім стаць першымі.

- Лічу, што ведаць законы сваёй краіны, а таксама свае правы і абавязкі павінен кожны грамадзянін, - расказвае Марыя Крыцкая, уладальніца дыплома за лепшае творчае эсе. – Акрамя таго, кожны з нас, калі хоча называцца сапраўдным чалавекам і грамадзянінам, павінен мець абвостранае пачуццё справядлівасці і гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Што ж датычыцца юрыдычнай тэматыкі, то асабіста я пасля школы збіраюся паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў – і ўпэўнена, што веды, якія  атрымала ў юрыдычным класе, дапамогуць.

Але нават калі гэтыя рабяты выбяруць у жыцці іншую дарогу, не звязаную з ваеннай ці прававой сферамі, можна быць упэўненым – тыя вечныя каштоўнасці і той узровень, якія з года ў год робяць іх лепшымі  з лепшых, стануць выдатным стартам у самастойнае жыццё на карысць і славу нашай Радзімы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу