3 верасня адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Кобрынскай выбарчай акругі №12 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, на якім была задаволена заява прэтэндэнта на дэпутацкі мандат Дзмітрыя Місюка. Па ўласнай ініцыятыве дырэктар ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” вырашыў зняцца з перадвыбарнай гонкі. Карэспандэнт “КВ” пацікавіўся ў Дзмітрыя Уладзіміравіча, чым быў выкліканы такі крок.
- Усё сумленнае жыццё я заўсёды быў занепакоены лёсам сваёй малой радзімы і яе жыхароў. Дэпутацкі мандат – добрая магчымасць праявіць свае здольнасці ў заканатворчай дзейнасці, прадстаўляць інтарэсы Кобрыншчыны на высокім узроўні, разам з мясцовай уладай спрыяць далейшаму развіццю рэальнага сектара эканомікі, бізнесу, ствараць спрыяльныя ўмовы для інвестыцыйнага мікраклімату, дапамагаць грамадзянам у вырашэнні надзённых праблем. Менавіта гэтым і быў абумоўлены мой удзел у сёлетняй палітычнай кампаніі.
Але, глыбока ўзважыўшы сітуацыю, я прыйшоў да высновы, што перш за ўсё мне трэба апраўдаць крэдыт даверу ўсяго працоўнага калектыву і выканаць дадзеныя абяцанні людзям – імкнуцца вывесці ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” ў лік прыбытковых прадпрыемстваў раёна, падняць яго прэстыж.
Таксама адчуў, што для таго, каб змагацца за лідарства на выбарах, неабходна мець належны “багаж” палітычнага і жыццёвага вопыту, якім валодае, напрыклад, дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля. Ведаю, што Аляксандр Іванавіч за апошнія чатыры гады зрабіў нямала як у парламенце, так і ў сваёй выбарчай акрузе для таго, каб умацаваць аўтарытэт Кобрыншчыны ў Беларусі, ён годна адстойвае інтарэсы сваіх выбаршчыкаў.
Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.
Поделиться в соцсетях: