Нават сёння ў наш высокатэхналагічны век асабістае аўто мае далёка не кожны. І мы ідзем на прыпынак грамадскага транспарту – каб з дапамогай маршрутнага таксі ці аўтобуса хутка і танна дабрацца да месца прызначэння.Гісторыя філіяла “Аўтамабільны парк №16 г. Кобрына” ААТ “Брэстаблаўтатранс”, які сёння дае нам такую магчымасць, пачалася ў далёкім 1955 годзе, калі на базе ДЭУ-852 была створана аўтатранспартная кантора. І было ў той час на прадпрыемстве ўсяго толькі 20 аўтамабіляў-двухтонак ГАЗ-51 і 30 чалавек персаналу… Сёння ў аўтапарку, які абслугоўвае 15 гарадскіх і 36 прыгарадных маршрутаў, ужо 66 аўтобусаў і 36 грузавых аўтамабіляў – а агульная колькасць калектыву складае 331 чалавек. Штогод абнаўляецца матэрыяльная база – толькі ў гэтым годзе было спісана 5 старых аўтобусаў. На іх месца прыйшлі два “МАЗ-103” – тыя самыя, што ўжо даўно спадабаліся пасажырам - камфартабельныя, з нізкай падлогай і магчымасцю нахіляцца амаль да самай зямлі, каб аблегчыць пасадку, напрыклад, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і 3 невялікія, але вельмі сімпатычныя “Радзімічы”, якія вырабляюцца на Гомельшчыне і, як правіла, выкарыстоўваюцца на так званых “экспрэсных” маршрутах.
Але, як вядома, аўтарытэт прадпрыемства залежыць не толькі ад стану тэхнікі. Аснову яго складаюць людзі – сапраўдныя прафесіяналы, ад якіх у канчатковым выніку залежыць і камфорт перавозак, і дакладны рух на маршрутах. Адзін з такіх людзей - Мікалай Касянчук, які працуе на прадпрыемстве ўжо 18 з паловай гадоў. Дарэчы, яго “экспрэсны” маршрут “1-Э” добра вядомы і мне – менавіта на ім звычайна дабіраюся на работу. І не аднойчы даводзілася чуць пра работу Мікалая Савіча прыемныя водзывы ад пасажыраў – маўляў, і ездзіць хутка ды акуратна, і пачакаць можа крышачку - не закрые дзверы, што называецца, “перад носам”, і аўтобус прыходзіць заўсёды ў тэрмін. Нават па ўласнай ініцыятыве паставіў у сваім “МАЗе” пераносную DVD-сістэму - каб зрабіць час паездкі не толькі камфортным, але і цікавым. Адразу відаць – работа чалавеку падабаецца. Дарэчы, як аказалася, марыў аб ёй Мікалай з дзяцінства…- Ведаеце, яшчэ калі быў малым, глядзеў, бывала, на вадзіцеляў аўтобусаў і думаў – вось вырасту і сам буду вадзіць такую машыну, - расказвае Мікалай Савіч. – А першы вопыт ваджэння аўтобуса атрымаў, калі служыў у арміі. Спадабалася. І пасля службы адразу ж прыйшоў у аўтапарк… Пачынаў з “ЛАЗаў”, “Ікарусаў” – цяпер вось на “МАЗ-256-200” перасеў…
Як адзначае Мікалай, беларускі аўтобус яму падабаецца. Лёгкае рулявое кіраванне, цёплая і камфартабельная кабіна, утульны салон, надзейнасць – адным словам, усё, што павінна быць. Ну а з такім вадзіцелем, як Мікалай, ды па новых дарогах, якія наш горад атрымаў у ходзе падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009”, паездка ў радасць. Нават у цяжкіх дарожных умовах, калі, напрыклад, рух ажыццяўляўся праз новы мост і пастаянна ўтвараліся “пробкі”, у Мікалая нейкім цудам атрымлівалася амаль што не выбівацца з графіка – і літаральна праскокваць на сваім “МАЗе” там, дзе, здаецца, і легкавушка пройдзе з цяжкасцю. І ўсё, заўважце, у поўнай адпаведнасці з правіламі і, што называецца, без рэзкіх рухаў. Адным словам – сапраўдны прафесіянал… І ў кіраўніцтва пра яго водзывы толькі станоўчыя – так, начальнік тэхнічнага аддзела Уладзімір Конюх, калі мы запыталіся пра Мікалая, адказаў адразу – чалавек фенаменальнай працавітасці. І аўтобус свой, дарэчы, з задавальненнем даглядае сам – чым і займаўся, калі мы знайшлі яго ў глыбіні аўтапаркаўскага гаража. Ад усёй душы віншуем усіх супрацоўнікаў філіяла “Аўтамабільны парк №16 г. Кобрына” ААТ “Брэстаблаўтатранс” з надыходзячым прафесіянальным святам – Днём аўтамабіліста. А Мікалаю Касянчуку і ўсім яго калегам жадаем аднаго – ветлівых пасажыраў і добрай дарогі!