Немагчыма прадставіць сабе беларускую літаратуру без Максіма Багдановіча – празаіка, крытыка, публіцыста – і, зразумела, паэта. Нягледзячы на кароткі жыццёвы шлях яго ролю ў развіцці беларускага пісьменства немагчыма перабольшыць. І сёння – як шмат гадоў таму - яго творчасць карыстаецца папулярнасцю сярод людзей самага рознага ўзросту…
Гэта пацвердзіў конкурс мастацкай самадзейнасці, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, які прайшоў нядаўна ў Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сферы абслугоўвання. Мерапрыемства прадэманстравала, што навучэнцы ліцэя з пашанай ставяцца да беларускага пісьменства і з зацікаўленасцю вывучаюць класікаў.
У гэты дзень са сцэны гучалі песні, вершы, на суд журы і гледачоў прадстаўляліся музычныя кампазіцыі і тэатральныя інсцэніроўкі. У цікавай артыстычнай форме гасцям мерапрыемства было прапанавана апісанне жыццёвага і творчага шляху Максіма Багдановіча.
Згадзіцеся, прыемна бачыць, што наша маладое пакаленне не цураецца сваіх каранёў – не адыходзіць ад гісторыі і ад роднага слова. Прыемна чуць з вуснаў зусім яшчэ маладых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях, жывое і сакавітае роднае слова.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: