Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем нацыянальнае свята, якое мае для ўсіх нас велізарнае культурна-гістарычнае значэнне – Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцяў, якія вучаць помніць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край i паважаць продкаў. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. У 2023 годзе юбілейнае свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання будзе прымаць Гарадок Віцебскай вобласці – малая радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе» – помніка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.
Адметна, што ўдзел у святочных мерапрыемствах прымае пяцікласніца з Пескаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна Ганна Малышчык. Дзяўчынка стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу юных чы-тальнікаў «Жывая класіка», фінал якога адбыўся 22 жніўня ў студыі сталічнага тэлебачання.
– Конкурс, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», пачаўся для нас са школьнага этапу. На яго мы разам з Ганначкай выбралі байку Кандрата Крапівы «Ганарысты парсюк». Вядома, каб данесці да слухачоў падтэкст сатырычнага твора, мы разабралі змест, растлумачылі незразумелыя словы, знайшлі інфармацыю пра аўтара і яго эпоху, разгледзелі, які выгляд мелі ў той час вясковая вуліца і завуголле, што ўяўляюць з сябе героі байкі парсюк і падсвінак і толькі тады прыступілі да завучвання і інсцэніроўкі, – расказвае класны кіраўнік дзяўчынкі, настаўніца пачатковых класаў Ірына Сакалова.
На раённым этапе конкурсу ў красавіку ў сваей узроставай групе дзяўчынцы не было роўных. Яна пакарыла сэрцы журы сваім артыстызмам, эмацыянальнасцю і атрымала Гран-пры.
Відэаролік з байкай, які запісвалі ў аграсядзібе «Тры асілкі», прадставілі на абласны этап у Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.
У прыродным наваколлі дзяўчынка выглядала вельмі гарманічна, а сцэнічны вобраз, які для выступлення прыдумалі разам з настаўніцай беларускай мовы Ірынай Бекіш, стварыла маці дзяўчынкі Валянціна Мікалаеўна. Дарэчы, бацькі былі першымі слухачамі і гледачамі на кожным з этапаў узлёту дачкі, дапамагалі чым маглі.
Абласное журы таксама адзначыла работу ў шэрагу лепшых, і Аню запрасілі на рэспубліканскі паўфінал, які быў назначаны на 14 чэрвеня. Настаўніца разумела, што яе маленькая зорачка будзе прадстаўляць там не толькі Кобрыншчыну, таму папрасіла дапамогі ў калег. Неабыякавых знайшлося многа. Дзякуючы спецыялістам Кобрынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета і раённага цэнтра дзіцячай творчасці відэапрэзентацыя і мастацкае выкананне верша ў запісах набылі прафесіянальны выгляд. Падчас выступлення ў Доме пісьменніка Ганна выходзіла на сцэну першай і ад гэтага вельмі хвалявалася, а ў фінале на СТБ яе выхад быў апошнім і таму таксама вельмі хвалюючым. Пасля яркіх выступленняў усіх сямнаццаці ўдзельнікаў конкурсу прафесіянальнае журы размеркавала прызавыя месцы. Сярод удзельнікаў – вучняў пачатковай школы – Ганна Малышчык заваявала 3-е месца, а разам з ім і пропуск на вялікае рэспубліканскае свята.
На пытанне, што прывяло да перамогі, дзяўчынка з уласцівай ёй дзіцячай непасрэднасцю гаворыць:– Родная мова…
– Сапраўды, менавіта мова, пісьменства яднаюць мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы, як найвялікшы скарб, сувязь пакаленняў, – дадае настаўніца, якая будзе суправаджаць дзяўчынку падчас урачыстасці ў Гарадку.Пераможцы рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» 2 верасня прымуць удзел у Гала-канцэрце. Тэлеверсію фіналу конкурсу можна будзе паглядзець на тэлеканале СТБ 3 верасня, у 17.00.
Жанна ЕЛІЗАРАВАФота: Жанна ЕЛІЗАРАВА
Поделиться в соцсетях: