У вольны час у спякотнае надвор’е адпачыць на возеры ў Каташах збіраюцца амаль увесь Кобрын і наваколле. Штучны кар’ер прыцягвае сваёй чыстай вадой і падобным да марскога пяском. Аднак цывілізавана адпачыць тут перашкаджаюць горы смецця, разбітае шкло, зламаныя прыбіральні і пераапранальні. Чаму зона адпачынку застаецца бруднай?
Санітарны стан возера, па меркаванні ўрачоў ДУ “Кобрынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, застаецца нездавальняючым. Нягледзячы на тое, што за чысцінёй сочаць тры гаспадары – лясгас, КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” і СВК “Узыходзячая зара”. Лясгас адказвае за ўзбярэжны лес, ЖКГ – за вываз смецця, а сельгаскааператыў - за берагі возера.
На берагах возера валяецца рыззё, тырчаць бляшанкі, блішчаць бутэлькі з-пад піва. Кантэйнеры са смеццем перапоўнены настолькі, што хутка схаваюцца ў ім. Вакол хмарамі лётаюць мухі.
- Глядзіце, лес адносна чысты. А вось смецце ў кантэйнерах і каля іх ляжыць не першы дзень. Тут жа якія хочаш могуць быць інфекцыі, – паказвае рукой на гару пакетаў і абрыўкаў паперы памочнік урача-гігіеніста Кобрынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Свіповіч. – Да гэтага часу не ўстаўлены дзверы ў прыбіральню, не адрамантавана альтанка. Хоць прадпісанне на гэта мы давалі яшчэ ў ліпені (прычым штрафы атрымалі ўсе: і СВК, і лясгас, і ЖКГ). І да 12 ліпеня ўсё павінна быць выканана.
Паводле слоў Алы Паўлаўны, у мінулым годзе аналагічнай праблемай для цэнтра гігіены і эпідэміялогіі было Бамаўскае возера.
- Мы пратаколы пісалі, але людзі не разумелі, - кажа яна. – І вось сёлета нарэшце да іх дайшло, што прыбіраць патрэбна. І ўзяліся за справу. А вось цяпер “вайна” з Каташамі.
- Дык сёння якраз мы і прыбіраем, – кажа інжынер па ахове працы СВК “Узыходзячая зара” Сяргей Пархамчук. - У нас няма спецыяльнага чалавека, які б толькі за чысціню тут адказваў. Прыбірае супрацоўнік фермы. Часам ЖКГ вывозіць. Але я тут быў у панядзелак, кантэйнеры запоўненыя яшчэ стаялі. Калі шмат людзей, то скрынка для смецця напаўняецца літаральна за паўдня.
Яшчэ адна прычына таго, што на возеры брудна, як адзначыў Сяргей Пархамчук, - адсутнасць строгага кантролю і штрафаў за пакінутае смецце.
Паводле слоў майстра ўчастка санітарнай ачысткі і добраўпарадкавання ЖКГ Веры Пішчык, якая адказвае за вываз смецця ў Каташах, робіцца гэта рэгулярна.
- Мы вычышчаем кантэйнеры тры разы на тыдзень - у панядзелак, сераду і пятніцу, - сцвярджае яна. – Пасля дажджоў адразу ехаць не можам, таму што машына буксуе ў пяску. Тады атрымліваецца, напрыклад, у аўторак замест панядзелка. Людзі адпачываюць, таму і сметнік запаўняецца вельмі хутка. Нават у кантэйнерах для пластыка смецце. Мы не паспяваем.
Пакуль рыхтаваўся матэрыял у нумар
“Смецце на Каташах да гэтага часу не прыбралі, - паведаміла Ала Свіповіч. – Мы падрыхтавалі дакладную запіску аб стане гэтай зоны адпачынку ў райвыканкам”.
Настасся ЗАНЬКО.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: