У РГА “Белая Русь” склалася добрая традыцыя віншаваць новых грамадзян Беларусі, якія нарадзіліся 3 ліпеня. Да акцый віншавання кожны год далучаецца і Кобрынская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання. 6 ліпеня старшыня Кобрынскага аддзялення “Белай Русі” Віктар Казак з падарункамі накіраваўся ў раддом. У акцыі прынялі ўдзел старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля і інжынер па ахове працы СТАА “ВП Палессе” Алег Сцепанішчаў.
Сёлета ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь колькасць жыхароў Кобрыншчыны павялічылася на аднаго грамадзяніна. У сям’і Анатолія і Таццяны Анціпаровіч раніцай 3 ліпеня нарадзіўся першынец Арцём. І ўжо праз тры дні маладая маці прымала віншаванні на такім высокім узроўні. Шчырымі словамі пажаданняў пачаў прыемную місію Аляксандр Зазуля. Да яго далучыліся і астатнія. У якасці падарункаў Таццяна і яе сын Арцём атрымалі камплект пасцельнай бялізны ад Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання і гульнявы набор “Механік” ад “Палесся”.
27-гадовая маці з пяшчотай і любоўю трымала на руках немаўлятка, якое пакуль яшчэ не разумела, што адбываецца вакол яго. Але час бяжыць хутка, і не за гарамі той дзень, калі маленькі Арцёмка з задавальненнем будзе гуляць з падобнымі да сапраўдных прыладамі - першымі падаранымі цацкамі.
Нягледзячы на такую святочную нагоду наведвання раддома, старшыня райвыканкама не абмінуў і надзённых набалелых пытаннях медыцынскай установы, пацікавіўся яе штодзённым жыццём і аказаннем медыцынскай дапамогі нованароджаным. Ён выклікаў медыкаў на шчырую размову аб існых праблемах і асабіста зазірнуў за некаторыя дзверы медыцынскіх пакояў.
Як адзначылі ў раддоме, з кожным годам колькасць немаўлят павялічваецца. І гэта не можа не радаваць.
Наталля НІЖНІК.
Фота Рамана МЕЛЬНІКА.