Фундатарам і галоўным арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіў вучэбна-метадычны кабінет упраўлення адукацыі райвыканкама.
Конкурс праводзіцца ў нашым раёне ўпершыню. За пятнаццаць хвілін кожнаму з удзельнікаў на сцэне было неабходна раскрыць галоўную тэматыку творчага спаборніцтва – прэзентаваць свае найлепшыя інавацыйныя напрацоўкі ў сферы арганізацыйнай, патрыятычнай і выхаваўчай работы, якая існуе ў школах. Як адзначыў член журы, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Сцяпан Гучык, кожная навучальная ўстанова развівае свае праекты, якія, безумоўна, выклікаюць інтарэс у шырокай аўдыторыі.
Так, у працэсе выступлення ў Астроміцкім цэнтры культуры і вольнага часу рабяты Гарадзецкага дзіцячага садка-сярэдняй школы разам з педагогамі прадставілі вынікі пошукава-даследчай дзейнасці. На базе ўстановы функцыянуе краязнаўчы музей, які адзначыўся на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Нямала зроблена ў сферы турызму і краязнаўства Батчынскай сярэдняй школай, яскравая прэзентацы якой таксама запомніліся членам журы.
У Хідрынскім Доме культуры таксама сумаваць не прыходзілася. Змястоўную творчую праграму з Зеўсам, анёламі і беларускімі народнымі спевамі паказалі гаспадары – каманда Хідрынскай СШ, якую рыхтавала педагог-арганізатар Ніна Хамянчук. У гэтай школе актыўна прапагандуюцца лепшыя сямейныя традыцыі, беларускі нацыянальны каларыт, праводзяцца факультатыўныя заняткі на актуальныя тэмы маралі, літаратуры, мастацтваў.
Перамогу заваявала каманда Кіселявецкага дзіцячага садка-сярэдняй школы. Другое месца - у Хідрынскай СШ. На трэцім месцы - Осаўскі дзіцячы садок-сярэдняя школа.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцы і лаўрэаты конкурсу ўдастоены сертыфікатаў адпаведных ступеняў. Як паведаміла загадчык вучэба-метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі райвыканкама Таццяна Петруковіч, лепшым камандам будуць уручаны і каштоўныя падарункі – камп’ютарная тэхніка.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: