Ганна Барысюк. Фота: Алена БАКУН
Вайна… Мая субяседніца Ганна Барысюк не бачыла яе жудаснага аблічча, а калі і мільгалі перад вачамі страшныя малюнкі, то, на шчасце, сэрца нічога яшчэ не магло тады разумець. Тым не менш, вайна ўплялася глыбокімі каранямі ў лёс гэтай жанчыны – Ганна Еўдакімаўна нарадзілася 8 мая 1944 года ў нямецкім палоне.Бяда ў сям’ю Еўдакіі і Еўдакіма Алексяюк, якія жылі на хутары каля вёскі Гарыздрычы, прыйшла ў 1943 годзе. На той час старэйшаму сыну Івану было сямнаццаць гадоў, Грыгорыю - 10, малодшаму Сцяпану толькі споўнілася 8. А пра тое, што Еўдакія Дарафееўна насіла пад сэрцам новае жыццё, мала хто ведаў.
- Немцы ўварваліся на хутар раптоўна. Не абміналі ні адзін двор – выганялі ўсіх жыхароў на вуліцу. Маці здалёку пачула жаночы гвалт, зразумела, што нешта нядобрае дзеецца. У першую чаргу падумала пра старэйшага Івана - ён быў звязаны з партызанамі. Загадала яму хавацца ў склеп. Пра тое, што могуць прычыніць благое малым, і думак не было, - пераказвае аповед бацькоў Ганна Еўдакімаўна.Але немцы не паглядзелі ні на малых, ні на старых. Агульным натоўпам пагналі ўсіх на чыгуначную станцыю. Так, у хуткім часе ўся сям’я Алексяюк, акрамя Івана, разам з другімі вяскоўцамі апынулася ў Германіі.
- Бацька ўспамінаў, як нямецкія заможныя гаспадары выбіралі для сябе бясплатную рабочую сілу з ліку прыгнаных беларусаў, украінцаў, рускіх, - расказвае мая субяседніца. - А маіх бацькоў з малымі братамі ніхто не хацеў браць: маўляў, на што ім яшчэ карміць дзяцей - работнікі з іх ніякія, толькі марная траты. Праўда, адны гаспадары нарэшце зжаліліся.
Праз некаторы час на свет на чужыне нарадзілася мая гераіня Ганна.
- Ніхто маці патуранняў не рабіў, і калі яна цяжарная была, і калі я нарадзілася. Пакорміць мяне грудным малаком - дзякуй, што яно не прапала, пакіне мяне ў прыбудове, дзе тулілася наша сям’я, і за работу – то прасці, то гатаваць ежу, то дапамагаць бацьку з братамі ў полі. А я адна. Гаспадары нават не дазвалялі, каб Сцяпан са мной хоць на некаторы час заставаўся. Маці не раз расказвала, як бяжыць з работы, а ў самой сэрца ад трывогі заходзіцца: пачуе здалёку, што я плачу, супакоіцца - значыць, усё добра, а калі маўчу – можа, ужо і нежывая – думкі закрадваліся, - працягвае Ганна Еўдакімаўна.
Пасля вызвалення сям’я Алексяюк вярнулася ў Гарыздрычы. Старэйшы Іван усю вайну партызаніў і жыў з надзеяй на тое, што абавязкова дачакаецца вяртання бацькоў і братоў, а атрымалася, што сустрэў яшчэ і сястру. Ганна пасля заканчэння Мінянскай сярэдняй школы паехала да брата Сцяпана ў Мурманскую вобласць. Там закончыла педагагічнае вучылішча. Але праз некаторы час засумавала па радзіме і вярнулася назад. У Кобрыне і знайшла сваё сямейнае шчасце, выйшла замуж, нарадзіла дачку.
Ганна Еўдакімаўна бярэ ў рукі альбом. Гартаючы яго, заўважае, што дачку Таццяну не было асабліва часу песціць, а вось унучкам і праўнукам сваю любоў аддае спаўна.
- Песцім і мы, бабулі, зараз сваіх унукаў, песцяць і бацькі дзяцей. Не паспее дзіця заплакаць, як каля яго ўжо сем нянек, - усміхаецца мая гераіня. – Добра гэта ці занадта? А хто ж яго ведае? Да года я, можна сказаць, не бачыла мацярынскай ласкі, ды і потым бацькам не было калі са мной займацца – час цяжкі быў. Але, калі гляджу, якімі выраслі мае ўнучкі: Алена – урач, Дар’я – таксама, толькі ветэрынарны, якімі падрастаюць праўнукі, разумею, што чалавек павінен з самага свайго нараджэння адчуваць, што прыйшоў на гэты свет для шчасця і любві, каб жыць у гармоніі і суладдзі.
Алена БАКУН.
Поделиться в соцсетях: