Вс, 09 февраля 2025
Прогноз погоды

Бразильские «звёзды» футбола всегда завидовали таланту кобринчанина Игоря Бриштеля.

15/02/2012 Здаровы лад жыцця Молодёжь

У снежні мінулага года Беларуская федэрацыя футбола вызначыла лаўрэатаў гульнявага сезона. Прыемна, што лепшым футбалістам Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе стаў наш зямляк Ігар Брыштэль. Спартсмену споўнілася 24 гады. Між тым Ігар паспеў напрацаваць багаты вопыт, зарабіць высокі аўтарытэт. Яго імя ўвайшло ў аналы гісторыі еўрапейскага пляжнага футбола. Брыштэлю апладыравалі трыбуны ў Іспаніі, Партугаліі, Італіі і Францыі. Таленавіты футбаліст пакарыў сэрцы тысяч балельшчыкаў сваёй вострай атакуючай манерай гульні. Дарэчы, энергіі, высокай тэхнічнасці і прыроднаму баявому духу Ігара на пляцоўцы зайздросціла легендарная бразільская “тройца” – шматразовыя чэмпіёны свету Буру, Бруна і Жаржынья, якія нярэдка адчувалі ў працэсе матчаў магутны прэсінг кабрынчаніна. Высокую ацэнку ўзроўню майстэрства нашага футбаліста выказваў на спартыўных зборах і афіцыйны інструктар ФІФА па развіцці і прасоўванні пляжнага футбола, уладальнік залатога мяча Кубка свету ФІФА іспанец Амарэль, які выкладаў Ігару спартыўныя сакрэты.

У час размовы з Ігарам Брыштэлем нават і не скажаш, што ў яго прысутнічае нейкая  “зорнасць”. З тонкім пачуццём гумару і шчырасцю малады чалавек распавядае аб сваім жыцці і спартыўных буднях.

Нарадзіўся Ігар у звычайнай сялянскай сям’і ў пасёлку Арэхаўскім. Як і многія мясцовыя рабяты, у летні час літаральна круглыя суткі гуляў у футбол. Але, як прызнаецца спартсмен, ні ў тыя часы, ні пазней нават не меркаваў, што гульня з мячом стане для яго сэнсам жыцця. У дванаццаць гадоў хлопца заўважылі кобрынскія трэнеры і запрасілі прыняць удзел у чэмпіянаце раёна па класічным футболе, потым – у абласных спаборніцтвах, у 2006 годзе прапанавалі пагуляць за ФК “Кобрын”.

Неўзабаве Ігар перавёўся ў футбольны клуб “Самары” (Ратненская вобласць, Украіна). Новаспечанага легіянера ўкраінскі бок прыняў цёпла і з павагай. Ва ўсіх гульнях кабрынчанін быў  заўсёды на вядучых ролях.

У 2008 годзе ў яго спартыўным лёсе адбыліся кардынальныя змены. Перспектыўны спартсмен далучыўся да кобрынскай каманды па пляжным футболе, тытульным спонсарам якой выступіла СТАА “ПП Палессе”. Менавіта з гэтага сезона і распачалося актыўнае развіццё пляжнай гульні з мячом на Кобрыншчыне.

На маляўнічай пляцоўцы каля возера Каташы тры сезоны запар разгортваліся футбольныя баталіі. Тут праводзіліся рэспубліканскія гран-пры па пляжным футболе і адзін суперфінал, дзе чатыры лепшыя каманды змагаліся за званне чэмпіёна Беларусі. Ігар Брыштэль  гарманічна ўпісаўся ў склад кобрынскай каманды “Палессе”, адразу заняўшы ў ёй лідзіруючую пазіцыю. За высокую арганізацыю серыі гран-пры кобрынскі ФК “Палессе” быў узнагароджаны Ганаровай граматай, якую ўручыў старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага футбола Аляксей Сычоў.

- Сонца, вада, пляж, гарачая падтрымка балельшчыкаў… Усё гэта зачаравала мяне назаўсёды. Дагэтуль я ніколі нават і не думаў, што пляжны футбол  - настолькі цікавая спартыўная дысцыпліна, - адзначае Ігар. - Мяккі пясок спрыяе таму, каб рабіць шматлікія імправізацыі, выкарыстоўваць прыгожыя і эфектныя тэхнічныя прыёмы. Напрыклад, удары праз сябе ў падзенні. Кампактныя памеры гульнявага поля дазваляюць ігракам забіваць мяч практычна з любога становішча. І нават – ударам ад сваіх варот. Адпаведна, вострых момантаў і галоў тут намнога болей, чым у вялікім футболе.

За трохгадовы адрэзак часу кабрынчане разам з галоўным трэнерам Сяргеем Высоцкім дасягнулі значных вынікаў у гэтай гульні – перамог у розыгрышы Кубка краіны, адкрытага гран-пры Светлагорска па пляжным футболе  і інш.

У ліпені 2009 года кабрынчанін папоўніў рады нацыянальнай зборнай, якая правяла напружаныя гульні з вядучымі камандамі Еўропы.

Мінулы год быў асабліва напружаным для Ігара і яго калег. У маі беларусы выехалі ў Іспанію, дзе праходзіў адборачны тур чэмпіянату свету. За пяць пуцёвак на прэстыжныя спаборніцтвы змагаліся 26 каманд. У сваёй групе беларусы перамаглі нарвежцаў, але прайгралі палякам і бельгійцам.

Але інтрыга для ўсёй каманды была наперадзе. У канцы ліпеня дружына Сяргея Траско адправілася ва Францыю, дзе гуляла ў адборачным туры Еўралігі дывізіёна “Б”. Суайчыннікі перамаглі галандцаў, а потым і чэхаў і занялі першае месца ў сваёй групе. А гэта – “зялёнае святло” ў суперфінал Еўралігі. У канцы жніўня ўжо ў Партугаліі званне мацнейшага аспрэчвалі шэсць каманд. Спачатку беларусы перамаглі туркаў, але ўступілі румынам. У барацьбе за “бронзу” наша каманда бліскуча абыграла азербайджанцаў.

- Ведаеце, гэта былі сур’ёзныя выпрабаванні для мяне і маіх калег, - гаворыць Ігар Брыштэль.  – Раптоўная змена клімату, абяссільваючыя трэніроўкі і моц сапернікаў... Тым не менш, мы здолелі “разграміць” сваіх канкурэнтаў нягледзячы на іх тытулы і заслугі. Прыемна ўразілі пляжы Францыі, Іспаніі і Партугаліі. Адметна, што за мяжой пляжны футбол, як і яго “вялікі брат”, - гэта сапраўдны культ, свята для ўсіх членаў сям’і - ад маленькіх дзяцей да пенсіянераў. Уявіце: на вуліцы спякота амаль у 40 градусаў, але трыбуны на матчах ніколі не пуставалі. Памятаю, якімі апладысментамі ў Партугаліі нам дапамагалі з трыбун расіяне. Мяне і маіх калег часта сустракалі і пазнавалі на вуліцах гледачы, сігналілі аўтамабілі, хтосьці нават браў аўтограф.

У мінулым сезоне Ігар гуляў за калінінградскую каманду “Кранштат-Праменад”. Кабрынчанін прымаў удзел у Кубку Расіі. Разам са сваімі калегамі ён увайшоў у “васьмёрку” мацнейшых.

- Ведаеце, расійскі футбол знаходзіцца на небывалым уздыме. Фінансы дазваляюць наймаць вядучых футбалістаў свету, у тым ліку і з чэмпіёнскай камады Бразіліі, якія гуляюць за маскоўскі клуб “Страгіно”.  Будуюцца сучаснейшыя спартыўныя комплексы і пляцоўкі.  Я шчыра перакананы, што і ў Беларусі развіццё пляжнага футбола будзе на такой вышыні, - спадзяецца Ігар Брыштэль. - Тым больш, што для гэтага ў краіне створана ўся неабходная інфраструктура. З кожным разам усё актыўней падключаюцца да фінансавання каманд сур’ёзныя спонсары. Пляжны футбол на Кобрыншчыне працягвае сваё развіццё. Гэты від спорту падтрымліваюць старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, кіраўніцтва СТАА “ПП Палессе”, дырэктар Кобрынскага філіяла РУП “Беларуснафта–Брэстаблнафтапрадукт” Уладзімір Люцік. У сценах КСДЮШАР гадуецца маладая змена футбалістаў.

У бліжэйшых планах Ігара Брыштэля – прыняць удзел у адборачным турніры на чэмпіянат свету.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ: нацыянальная зборная Беларусі па пляжным футболе – пад №8 Ігар Брыштэль;  Ігар з адным са сваіх спартыўных трафеяў.

Фота аўтара і з архіва Ігара Брыштэля.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу