Кнігай мяняйся, але не крадзі
Больш як паўгода па вуліцы Суворава побач з Палацам культуры дзейнічае альтанка буккросінгу. Напомнім, гэты аб’ект з’явіўся ў нашым горадзе па ініцыятыве намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянціна Трубчыка, які прывёз карысную ідэю аб яго стварэнні з еўрапейскіх краін.
Увасабляючы задуму ў жыццё, кіраўніцтву горада марылася, што кабрынчане стануць актыўней далучацца да свету кнігі, якая ва ўсе часы была і застаецца крыніцай мудрасці.
Каб дасягнуць пастаўленай мэты, тут стварылі ўсе неабходныя ўмовы. Стартавы “асартымент” кніг па стане на 18 ліпеня мінулага года (дата адкрыцця альтанкі) уключаў выданні на любы густ: класічныя творы, сучасныя дэтэктывы, жаночыя раманы, дзіцячую літаратуру, разнастайныя часопісы. Зручным для людзей зрабілі і рэжым дня: дзверы чытацкага павільёна заўсёды адчынены для наведвальнікаў і закрываюцца толькі на ноч. Замежная навінка ў нашым горадзе адразу “прыжылася”, і кнігі з альтанкі сталі карыстацца вялікім попытам.
А нядаўна майму зроку адкрылася сумная карціна: паўпустыя паліцы альтанкі вінавата глядзелі на сваіх наведвальнікаў. Расчаравана слізгаў па іх погляд маленькага хлопчыка, які адначасна са мною зайшоў у павільён. Ён трымаў у руках кніжыцу, якую, як сказаў, хацеў абмяняць на іншую.
І стала няёмка перад малым за культуру нашых людзей. Забыліся яны, на жаль, што буккросінг – гэта не прысвойванне, а свабодны абмен кнігамі ці перыядычнымі выданнямі, і правілы яго даволі простыя: выбраў кнігу, прачытаў і абавязкова прынёс у альтанку. Дарэчы, у перакладзе з англійскай мовы слова буккросінг так і перакладаецца - кнігазварот.
Хочацца спадзявацца, што паводзіны некаторых нашых кабрынчан будуць больш цывілізаванымі. Дарэчы, у бліжэйшы час плануецца ўзяць гэты аб’ект пад відэаназіранне.
Людміла ЯРМАЛЮК.