Пн, 16 сентября 2024
Прогноз погоды

Арбат – на кобрынскі лад

24/06/2009

img_9802

    Кожны, хто праходзіць праз цэнтр горада, не можа не заўважыць маштабных работ, якія разгарнуліся на плошчы Леніна і па вуліцы Суворава. Гудуць магутныя трактары, працуюць рабочыя, высяцца штабелі тратуарнай пліткі... Мабыць, многіх цікавіць: як будзе выглядаць цэнтральная частка Кобрына пасля рэканструкцыі? З гэтым пытанем мы звярнуліся да Сяргея Кошкіна, галоўнага інжынера Баранавіцкага ААТ “Дарожна-прамысловае прадпрыемства”, якое і праводзіць работы на гэтым участку.

    - Наша арганізацыя працуе на трох аб’ектах – зараз ідзе рэканструкцыя вуліцы Суворава і цэнтральнай плошчы горада, распачынаем работы па вуліцы Леніна, яшчэ адна наша брыгада працуе па вуліцы Дзяржынскага, - расказвае Сяргей Кошкін. - На плошчы вядуцца падрыхтоўчыя работы і дэмантаж старога пакрыцця. Увогуле, ідэя праекта вельмі цікавая – замест старога асфальтавага пакрыцця ўся плошча будзе выканана з каляровай тратуарнай пліткі, якой, дарэчы, тут патрабуецца каля 10 тысяч квадратных метраў. Што ж датычыцца вуліцы Суворава, то тут мы знаходзімся на стадыі ўкладкі тратуарнай пліткі, паралельна з ёй ідзе падрыхтоўка астатняй часткі. Вуліца стане цалкам пешаходнай.

img_9799

    Як адзначыў на развітанне Сяргей Кошкін, закончыць галоўную частку работ плануецца ў жніўні. Хутка на месца будаўнікоў, якіх, дарэчы, тут працуе больш за 50 чалавек, прыдуць азеляніцелі, каб надаць партрэту цэнтра нашага горада апошнія рысы.

    А новы “кобрынскі Арбат” уражвае ўжо сёння. Цікавая каляровая гама, арыгінальныя клумбы пасярэдзіне вуліцы, якія ў хуткім часе будуць радаваць вока жывымі кветкамі... І, самае галоўнае, тут пешаходам больш не трэба будзе ўвесь час азірацца ў пошуках выпадковых машын - іх на вуліцы Суворава проста не будзе.

    Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу