Вс, 09 февраля 2025
Прогноз погоды

Андрэй КАЗЛОВІЧ: “Спяшайцеся рабіць дабро!”

03/06/2010 Социум

Пышныя букеты кветак і віншавальныя паштоўкі ледзь змяшчаліся на пісьмовым стале ў ветэрана педагагічнай працы Андрэя Васільевіча Казловіча з в. Хідры, які днямі справіў свой васьмідзесяцігадовы юбілей. У госці да шаноўнага чалавека прыехала шмат родных, блізкіх, калег, сяброў, якія ад усяго сэрца віншавалі віноўніка ўрачыстасці, жадалі яму здароўя, шчасця і поспехаў у справах.

Юбіляр не страчвае бадзёрасці, ніколі не бывае ў дрэнным настроі. Сябры жартуюць: маўляў, Казловіч здольны хоць сёння сесці на веласіпед і даехаць да Мінска, а потым вярнуцца назад. Доля ісціны ў гэтым выказванні, сапраўды, ёсць. Высокая жыццёвая актыўнасць, здольнасць глыбока ўнікаць у сутнасць спраў, прыроднае пачуццё адказнасці, дапытлівасць Андрэй Васільевіч развіваў на працягу ўсяго свайго няпростага жыццёвага шляху. Ён заўсёды марыў змяніць да лепшага людзей і навакольны свет, духоўна развівацца самому і выкладаць моладзі веды так, каб потым у дарослым жыцці ім не было сорамна гаварыць, хто быў іх школьным настаўнікам.Бацькі Андрэя Казловіча - звычайныя сяляне, якія мелі сваю маленькую гаспадарку ў в. Горск Бярозаўскага раёна. З раніцы і да позняга вечара яны працавалі. У доме Андрэя Васільевіча на асобым месцы размешчаны вялікі фотаздымак яго бацькі, які ў строгім класічным касцюме пазіруе ў шыкоўным крэсле. Цікава, што гэты здымак быў зроблены ў пачатку дваццатага стагоддзя ў фотастудыі г. Дэтройта ў ЗША. Бацька расказваў, што апынуўся за акіянам па выкліку сваіх родных братоў, якія эмігрыравалі за мяжу ў пошуках лепшага жыцця. Але новы кантынент, як потым высветлілася, зусім не быў аазісам шчасця. Пастаянныя забастоўкі рабочых буйных аўтамабільных заводаў, фабрык, беспрацоўе… Можна толькі здагадвацца, што вытрымалі нашы землякі, калі спрабавалі прыжыцца ў чужым краі. А аднойчы прадстаўнікі амерыканскіх улад затрымалі бацьку Андрэя і дэпарціравалі ў Расію.

Андрэй Васільевіч ва ўсіх дробязях памятае, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вёска знаходзілася зусім побач з шашой, дзе амаль што кожны дзень праязджалі фашысцкія карнікі… Галодны і халодны час быў для дзяцей цяжкім выпрабаваннем. Адразу пасля вайны Андрэй пайшоў вучыцца ў Малецкую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна. Галоўным заняткам у вольны час былі кнігі.- У пасляваенныя часы літаратура карысталася вялікай папулярнасцю ў людзей самых розных узростаў. Вершы Пушкіна, Ясеніна цытавалі не толькі школьнікі, але і людзі старэйшага пакалення. Зборнікі рускай прозы ў бібліятэцы было заўсёды складана дастаць, - гаворыць Андрэй Васільевіч. – Памятаю першую газету, якую выпісаў ў 1945 годзе, - “Савецкі селянін”.Вялікія стосы розных друкаваных выданняў у доме Андрэй Казловіч збіраў усё жыццё. Паводле слоў ветэрана, газета для яго - перш за ўсё гістарычная крыніца, скарб натхнення для любога творчага чалавека. Не расстаецца педагог і з раённай газетай “Кобрынскі веснік”, якая прыходзіць у яго дом рэгулярна на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. У Андрэя Васільевіча багатая калекцыя даведачнай літаратуры. Дзесяткі, а можа, і сотні рознакаляровых тамоў энцыклапедый рознага кшталту займаюць вялікую кніжную шафу.

Адразу пасля заканчэння школы ў 1951 годзе кіраўніцтва абласнога аддзела народнай адукацыі і асветы прапанавала працу настаўніка ў адной з сельскіх школ Бярозаўшчыны. І Андрэй без роздуму прыняў такую прапанову. Пасляваеннай Беларусі востра былі патрэбны педагагічныя кадры. Андрэй паступіў завочна ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на філалагічны факультэт па спецыялізацыі “руская мова і літаратура” і паспяхова яго закончыў. А паўплывала на такі выбар творчасць паэта Яўгена Еўтушэнкі. Адзін з першых яго вершаў “Студэнцкая сталовая”, як і многія іншыя творы, Андрэй Казловіч цудоўна памятае. Пазней наш зямляк сустрэўся з паэтам у Брэсце на яго творчым вечары. І нават пад апладысменты ўсёй глядзельная залы прачытаў некалькі вершаў класіка, за што Еўтушэнка падарыў яму ружу, падзякаваў за такую смеласць і моцна паціснуў руку.Па размеркаванні разам з жонкай Надзеяй Дзям’янаўнай, дарэчы, таксама мовазнаўцай, Андрэя Казловіча накіравалі ў Хідрынскую сярэднюю школу. І 40 гадоў педагагічнай дзейнасці ў гэтай вёсцы праляцелі неяк непрыкметна. Заўсёды настаўнік імкнуўся не толькі зразумела, творча выкладаць мову і літаратуру, але і займацца маральна-духоўным выхаваннем моладзі, дапамагаць ім адказаць на два важныя пытанні – кім быць і якім быць у жыцці?- Успамінаецца выпадак, калі адзін з вучняў сказаў, што больш за ўсё ён хоча стаць пенсіянерам, - з усмешкай расказвае Андрэй Васільевіч. – Чаму ты так вырашыў? - пытаюся. А ён адказаў, што пенсіянеры нічога не робяць, а толькі атрымліваюць грошы… Пасля некалькіх сур’ёзных гутарак з гэтам хлопцам усё ж такі пераканаў яго ў тым, што плённая праца робіць чалавека высакароднай асобай, прыносціь сапраўдную асалоду і радасць жыцця.Многім юнкам і дзяўчатам настаўнік дапамог знайсці тую адзіную правільную дарогу ў жыцці, якая была ім наканавана лёсам. На пазакласных гадзінах ён любіў выкладаць прыродазнаўства, асновы экалогіі, гісторыю роднага краю. І ў свой вольны час таксама самастойна праводзіў доследную работу па гэтых накірунках. Андрэй Васільевіч рэгулярна праводзіў сустрэчы і гутаркі ветэранаў Вялікай Айчынай вайны са школьнікамі, дапамагаў заслужаным людзям, падтрымліваў іх, займаўся дабрачыннай дзейнасцю, удзельнічаў у аздараўленні дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.Лепшай узнагародай за работу настаўніка, вядома ж, з’яўляюцца добрыя, шчырыя словы падзякі былых вучняў. І вось, на адным са святочных вечароў у Хідрынскай СШ слова ўзяла настаўніца – былая выхаванка Андрэя Казловіча. У сваёй прамове яна разважала аб важнай ролі і месцы педагога ў жыцці маладога пакалення і грамадства. А потым у адрас Андрэя Васільевіча выказала такія словы: “…Ён імкнуўся высвеціць усё лепшае ў нас. Яго добрыя вочы, здаецца, глядзяць у самую душу. Такі погляд супакойвае, надае ўпэўненасці ў сваіх сілах. Гэта настаўнік, які заўсёды спяшаецца. Але больш за ўсё спяшаецца рабіць дабро…”Раман МЕЛЬНІК.Фота аўтара і з архіва сям’і Казловіч.НА ЗДЫМКАХ: ветэран педагагічнай працы Андрэй Казловіч; яго бацька Васіль у пачатку 20 стагоддзя ў фотастудыі Дэтройта (ЗША); маладыя настаўнікі Андрэй і Надзея Казловічы.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу