Пасведчанне аб уручэнні прэміі за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцяў адораных навучэнцаў і студэнтаў па выніках мінулага навучальнага года за подпісам Аляксандра Лукашэнка атрымала майстар вытворчага навучання Кобрынскага політэхнічнага каледжа Алёна Сіняк.
Ёй і двум яе калегам – выкладчыку спецыяльных дысцыплін Дзмітрыю Леановічу і майстру вытворчага навучання Івану Конюху – узнагароды былі ўручаны падчас святкавання 80-годдзя сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. Гэта гаворыць аб высокім узроўні нашых педагогаў.
А пачалося ўсё з вялікага жадання маляваць і экскурсіі ў восьмым класе ў тады яшчэ мастацкае вучылішча №152, дзе Алёну Леанідаўну ўразілі майстэрні і музей работ навучэнцаў.
– Пасля заканчэння школы мэтанакіравана пайшла ў вучылішча на спецыяльнасць «роспіс па дрэве», – расказвае субяседніца ў любімай майстэрні. – Паступіць было цяжка: па 3-4 чалавекі прэтэндавалі на месца.
Вучоба і заканчэнне вучылішча прыпалі на 90-я гг., калі з работай было складана. На руках быў свабодны дыплом. Па сямейных абставінах год не працавала.
– На наступны год у Кобрыне на базе вучылішча адкрылі філіял Брэсцкага педагагічнага інстытута, дзе можна было атрымаць спецыяльнасць настаўніка малявання і чарчэння, і гэтую магчымасць я выкарыстала. Вярнулася ў родныя сцены працаваць майстрам вытворчага навучання, – расказвае педагог.
Пра першыя гады работы Алёна Леанідаўна ўспамінае з асаблівай асалодай:
– Было шмат выездаў у калгасы на сельскагаспадарчыя работы. Навучэнцы, як творчыя натуры, паспявалі рабіць замалёўкі, збіраць прыгожыя гербарыі… Былі паездкі ў будатрады, таксама напоўненыя рамантыкай.
Працаваць выкладчыкам ва ўстанове, дзе раней вучылася, спачатку было няпроста.
– Да кожнага занятка хадзіла рыхтавацца ў бібліятэку. Трэніравалася, адточвала свае ўменні, каб навучыць дзяцей усім сакрэтам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У той складаны час усё было ў дэфіцыце, тую ж акварэль і іншыя матэрыялы заказвалі ў Расіі, – успамінае педагог. – Было цяжка прывыкнуць і да таго, што твае навучэнцы малодшыя за цябе ўсяго на 2-3 гады, але дысцыпліну падтрымлівала заўсёды.
Політэхнічны каледж стаў для маёй гераіні лёсавызначальным – акрамя любімай работы Алёна Леанідаўна знайшла тут і сваё каханне.
Алёна Сіняк – вельмі камунікабельная. Мабыць таму, нават праз дваццаць адзін год работы, падтрымлівае сяброўскія адносіны з многімі сваімі былымі навучэнцамі.
– Безумоўна, ёсць розныя дзеці. Вышынь дасягае той, хто працавіты і ўпарты, не пасуе перад цяжкасцямі, – разважае Алёна Сіняк.Непасрэдна пра сваіх дзяцей, у якіх была куратарам, Алёна Леанідаўна кажа, што амаль усе яны звязалі сваё жыццё з творчасцю.
Хтосьці выкладае ў мастацкіх школах, хтосьці працуе мастаком на прадпрыемствах. Навыкі, атрыманыя ў каледжы, некаторым спатрэбіліся пры роспісе пернікаў. А, напрыклад, Сяргей Ступак некалькі гадоў назад у Санкт-Пецярбургу адкрыў свой тату-салон.
– У хлопцаў звычайна добрыя здольнасці да графікі. Гледзячы на работы Сяргея, дзіву даешся, якія прыгожыя малюнкі ён стварае на целе, – каменціруе выкладчык.
Алёна Леанідаўна – сапраўдны сябар навучэнцам. Яны давяраюць ёй свае самыя патаемныя рэчы. Да педагога часта звяртаюцца па парады.
Старанная праца дае добрыя вынікі, пра што гавораць перамогі ў творчых конкурсах і выставах.– Мне падабаецца тварыць з дзецьмі, рэалізоўваць разам з імі цікавыя ідэі, дэманстраваць праекты на выставах, – каменціруе педагог.
«ТэхнаЁлка», «100 ідэй для Беларусі», «АРТ-вакацыі» – у гэтых і многіх іншых конкурсах прымаюць удзел навучэнцы Алёны Сіняк і прывозяць адтуль высокія ўзнагароды.
На працягу пяці гадоў Алёна Леанідаўна з калегамі ездзіла на мастацкія пленэры ў Бельск-Падляскі, дзе праводзіліся разнастайныя майстар-класы для дзяцей з Польшчы. Сёлета пленэр адмянілі праз каранавірус.
Майстар вытворчага навучання валодае ўсімі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але самае любімае для яе – дэкупаж.
Заняткі па дэкупажы Алёна Леанідаўна праводзіць два разы на тыдзень. Яшчэ майстар любіць роспіс па дрэве.
Якраз на занятак па дэкупажы мы і трапілі ў майстэрню. Пакуль тут яшчэ пустыя сцены пасля рамонту, але зусім хутка іх запоўняць работы навучэнцаў. Тэма занятка – дэкупаж талеркі.
– Некалі мне прывезлі цэлую скрыню непатрэбных талерак, прапанавалі выкарыстаць у рабоце або аддаць на бой. Было вырашана даць ім другое жыццё, – дзеліцца выкладчык.
Назіраю за працэсам. Дзяўчынкі разабралі талерачкі і прыняліся за работу. Спачатку загатоўку трэба добра двойчы прагрунтаваць, прасушыць – гэта можна рабіць фенам, а пасля спецыяльнай шпатлёўкай і пэндзлем робяцца аб’ёмныя дэталі. А вось прыладкоўваць малюнак з папяровай сурвэткі – справа апошняя. За ёй – толькі пакрыццё лакам. Атрымліваецца вельмі прыгожа.
Алёна Леанідаўна – часты госць у школах, дзе праводзіць майстар-класы па дэкупажы. Прыходзяць дзеці і да яе ў майстэрню. А ў нядзелю выкладчыка можна сустрэць у Спаскім жаночым манастыры – тут другі год яна вядзе заняткі па маляванні з наведвальнікамі нядзельнай школы. У студыі з прыгожай на-звай «Птушачкі нябесныя» дзеці вучацца маляваць, ствараць вырабы, рыхтуюцца да святаў. У мінулым годзе на конкурсе «Хараство Божага свету» дзяўчынка са студыі Ганна Букач, якой на той момант было ўсяго чатыры гады, са сваім малюнкам стала пераможцай у Брэсце, потым работу адправілі ў Маскву.
…Пісьмо падзякі Кобрынскага райвыканкама, Ганаровая грамата Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дыпломы Міністэрства адукацыі і іншыя падзякі, сертыфікаты беражліва захоўваюцца Алёнай Сіняк. Але лепшая для яе ўзнагарода – дасягненні яе навучэнцаў.
Людміла ПАШКОВІЧ / vkobrine.by
Фото Людмила Пашкович и из личного архива Алёны Синяк
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Поделиться в соцсетях: