Акрэдытаваны нацыянальныя наглядальнікі
Пры Цэнтральнай камісіі для работы на мясцовых выбарах акрэдытаваны сем нацыянальных наглядаль-нікаў, якія прадстаўляюць палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні Беларусі. Аб гэтым паведаміла 12 снежня старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына на пасяджэнні ЦВК. Гэта, у прыватнасці, прадстаўнікі Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», а таксама грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На думку Лідзіі Ярмошынай, такая актыўная акрэдытацыя наглядальнікаў, перш за ўсё, звязана з прыняццем пастановы Цэнтрвыбаркама, якая сведчыць аб тым, што арганізацыі, якія маюць акрэдытаваных наглядальнікаў пры ЦВК, могуць накіроўваць іх на пасяджэнні мясцовых выканаўчых органаў пры ўтварэнні выбарчых камісій. Акрамя таго, наглядальнікі маюць права прысутнічаць непасрэдна на пасяджэннях самога Цэнтрвыбаркама.
Поделиться в соцсетях: