Нядаўна ў Кобрыне адбылося выязное пасяджэнне абласнога савета ветэранаў педагагічнай працы на чале з яго старшынёй Яўгеніяй Топчай. Летась пад эгідай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праводзіўся традыцыйны абласны конкурс-агляд на лепшую ўстанову адукацыі па рабоце з ветэранамі. Адміністрацыя і педагагічны калектыў СШ №1 былі ўдастоены дыплома другой ступені. Намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Драпей уручыла дырэктару школы Аляксандру Хурсіну дыплом, а таксама Ганаровую грамату прэзідыума Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Аналагічную ўзнагароду атрымала і старшыня прафкама СШ №1 Ала Раманюк.
Прэстыжныя трафеі – вынік творчай і плённай працы з ветэранамі адміністрацыі школы, педагагічнага калектыву, прафкама, сакратара пярвічнай ветэранскай арганізацыі Людмілы Воран. Усяго ж на ўліку ў СШ №1 – дваццаць восем пенсіянераў. Як адзначае Аляксандр Хурсін, усе яны - чаканыя і паважаныя госці ў роднай школе. Прадстаўнікі прафкама і ветэранскага руху віншуюць іх з юбілеямі і іншымі святамі, уручаюць падарункі. Ветэраны не страчваюць сувязі са школай. Яны адчуваюць, што іх жыццёвы вопыт і веды, высокі ўзровень культуры запатрабаваны ў маладога пакалення.
Многія пенсіянеры знайшлі прымяненне сваім талентам у вольны час. Яны цудоўна гатуюць, удзельнічаюць у калектывах мастацкай самадзейнасці, складаюць вершы, сваімі рукамі ствараюць прыгажосць. І ў гэтым на ўласныя вочы пераканаліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння. Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Данута Рагачук у СШ №1 прэзентавала выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ветэранаў-настаўнікаў Кобрыншчыны. Унікальныя ручнікі, адзенне, вышытыя сурвэткі, іконы, створаныя настаўнікамі Марыяй Акуліч, Лідзіяй Вакульчык, Марыяй Андраюк, Надзеяй Камарчук, Нінай Грабянчук, Палінай Гардзіевіч, Валянцінай Дарафеевай… Усе гэтыя вырабы выкананы з любоўю, тонкім пачуццём стылю і густу, адлюстроўваюць багаты ўнутраны свет і пазітыўны погляд на жыццё гэтых паважаных людзей.
Удзельнікі выязнога пасяджэння азнаёміліся з творчасцю літаратурнага аб’яднання “Белы бусел”. Потым наведалі ДУА “Кобрынская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”, дзе работа з ветэранамі таксама вядзецца творча. Тут на ўліку знаходзяцца 60 ветэранаў. З імі плённа працуе старшыня прафкама Наталія Галаўніцкая пры падтрымцы адміністрацыі ўстановы. Удзельнікі выязнога пасяджэння пабывалі на канцэрце мастацкай самадзейнасці выхаванцаў гэтай установы.
Яўгенія Топчая і Аляксандра Драпей высока ацанілі перадавы вопыт работы з ветэранамі педагагічнай працы на Кобрыншчыне. У гэтым яны бачаць заслугу кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі райвыканкама, раённага савета ветэранаў, яго старшыні Дануты Рагачук, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сцяпана Ніканчука, а таксама ўсіх энтузіястаў, якія з гонарам і годнасцю імкнуцца адстойваць правы і законныя інтарэсы пенсіянераў, рабіць іх жыццё больш шчодрым на запамінальныя падзеі.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі выязнога пасяджэння.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: