Сб, 08 февраля 2025
Прогноз погоды

Адлегласць - не перашкода!

08/01/2010 Социум

Кажуць, калі загадаць жаданне ў пераднавагодні час, яно абавязкова здзейсніцца. А аб чым яшчэ можа марыць маладая дзяўчына, як не аб сапраўдным каханні?

У Кобрынскім аддзеле ЗАГС 31 снежня праходзіла рэгістрацыя шлюбу. І справа нават не ў тым, што гэта была 546-я, апошняя рэгістрацыя 2009 года. На вясельным ручніку – жыхарка вёскі Андронава Вікторыя Шапяцюк і грамадзянін Вялікабрытаніі, ураджэнец горада Чэлтэнхэм Стывен Валентайн Дыкс.

Як адзначыла загадчык Кобрынскага аддзела ЗАГС Раіса Навумава, усяго на працягу года было зарэгістравана 65 шлюбаў з іншаземцамі. Большасць склалі грамадзяне з Расіі і Украіны. А вось жыхароў туманнага Альбіёна сярод заезджых жаніхоў пакуль што не было. Асабіста мне адразу стала цікава – як маглі знайсці адзін аднаго Вікторыя і Стывен? Як расказаў нам сам жаніх, дапамагла ў гэтай складанай справе… вучоба Вікторыі.

- Як мы сустрэліся? Усё проста – калі я вучылася ў акадэміі ў Горках, то паехала ў Вялікабрытанію на практыку, - расказвае Вікторыя. – І засталася там на цэлы год. А аднойчы мая сяброўка пазнаёміла мяне са Стывенам. Вось такая гісторыя кахання…

Сапраўды, для сапраўдных пачуццяў адлегласць – не перашкода. І лепшым доказам гэтага стала цудоўная працэдура рэгістрацыі шлюбу, якую правялі для маладых супрацоўнікі аддзела ЗАГС. Тут было ўсё – і традыцыйнае запальванне агню маладымі, і чароўны вальс, і віншаванне ад Дзеда Мароза – і нават карагод вакол навагодняй ёлачкі. Хутка маладыя ад’язджаюць у Вялікабрытанію, куды яны павязуць фотаздымкі і відэазапісы такога нязвычнага для англічан беларускага вяселля.

А яшчэ - успаміны пра наш маленькі, але ўтульны і прыгожы Кобрын – які, як адзначыў на развітанне Стывен, паказаўся яму такім жа чароўным і прыгожым, як і яго любая Віка.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу