Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

Абноўленыя вуліцы ўтрымліваць у парадку

29/03/2010

Напярэдадні прафесіянальнага свята дырэктар КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Сяргей Ялец адказаў на шэраг актуальных пытанняў карэспандэнта “КВ”.

- Сяргей Пятровіч, як захаваць той непаўторны выгляд, які набыў наш Кобрын?

- Сапраўды, у мінулым годзе пры падрыхтоўцы да правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009” быў выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні горада. Абноўлены вуліцы, створаны новыя архітэктурныя ансамблі. На балансе КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” знаходзіцца 361 жылы дом, 12 інтэрнатаў і інш. Аб’ёмы работ у нашых падраздзяленняў павялічыліся. Важна кожны дзень забяспечваць утрыманне аб’ектаў гарадской інфраструктуры належным чынам. Сілы і сродкі дазваляюць гэта зрабіць якасна і аператыўна. Многае залежыць ад самасвядомасці і ўзроўню культуры кабрынчан, якія павінны берагчы створаны цуд.

- Як размяркоўваеце акцэнты ў рабоце сёлета?

- У гэтыя дні аўтатэхніка, многія спецыялісты ЖКГ задзейнічаны ў ачыстцы і прыбіранні вуліц горада, рамонце і ачыстцы ліўневай каналізацыі. Добраўпарадкоўваем горад пасля зімы. Працягваюцца  работы па капітальным рамонце і цеплавой рэабілітацыі аб’ектаў жыллёвага фонду, рэканструкцыі цэнтральнай кацельні.

Сёлета прадугледжана ўладкаванне гравійнага пакрыцця па вул. Чыстай, 17 Верасня, Набярэжнай, 9 Мая, Тапалінай, Альховай, А.Неўскага, Далубоўскага, завулкаў Авіяцыйны, Кляновы, Заходні. Плануецца правесці ліўневую каналізацыю па вул. Дзяржынскага, Чыгуначнай, 50-годдзя БССР, Першамайскай,  Паўднёвай, Някрасава і інш. Запланавана пасадка дрэў на цэнтральных вуліцах горада, будзе высаджана каля 260 тыс. кветак.

- Напярэдадні Вашага прафесіянальнага свята  што пажадаеце свайму калектыву?

- Хочацца адзначыць плённую працу работнікаў зялёнага будаўніцтва, дворнікаў, вадзіцеляў, трактарыстаў, супрацоўнікаў участка абслугоўвання і бягучага рамонту жылфонду, цэха кацельнай гаспадаркі і інш. Ад усяго сэрца жадаю калегам міру, спакою, дабрабыту ў сем’ях і выдатнага настрою, з якім хочацца працаваць.

Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: дырэктар КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Сяргей Ялец, майстар і прадавец участка саначысткі, добраўпарадкавання і азелянення Любоў Трубчык (справа)  і Алёна Джайгала ўдакладняюць працоўны план на бліжэйшы тыдзень.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу