Прогноз погоды
Сб, 26 апреля 2025

22 февраля на сцене Кобринской детской школы искусств свои таланты продемонстрировали учащиеся УО «Кобринский ГПЛ СО»

09/03/2016 Творчество Конкурсы

Выступілі на адным дыханні
22 лютага на сцэне Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў свае таленты прадэманстравалі навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання. Тут прайшоў абласны агляд мастацкай самадзейнасці “Мы, маладыя, – надзея краіны”.
Падтрымаць канкурсантаў сабралася поўная зала гледачоў, іх родныя і блізкія людзі. Гучнымі апладысментамі віталі ліцэістаў і госці - вучні старэйшых класаў школ горада.  Прысутнасць апошніх была як нельга дарэчы – конкурсная праграма стала своеасаблівай візіткай установы, сапраўдным маяком у моры прафесій.
Мерапрыемства адбылося ў форме вяшчання тэлеканала “Ліцэй-TV”, у якім праз спецыяльныя рубрыкі канкурсанты творча прэзентавалі свае рамёствы. Так, прафесію “Повар; афіцыянт” артысты паказалі ў праграме “Гатуем разам”. Крэатыўнымі і ўмелымі паўсталі майстры кулінарнай справы са сцэны, такімі выходзяць са сцен ліцэя яго выпускнікі. Варта заўважыць, што былых ліцэістаў з задавальненнем запрашаюць на працу ў рэстараны і кафэ горада.
Не менш таленавіта прадставілі канкурсанты прафесію швачкі ў праграме “Модны прысуд”. Адзенне, створанае іх рукамі, вызначалася густам і стылем. У ліцэі ўмеюць адпавядаць модзе, імгненна рэагаваць на яе змяненні, і калекцыі “Другая скура”, “Бурлеск” – таму пацвярджэнне.
Ад душы павесяліліся гледачы ў час прагляду інсцэніроўкі “Дарагі магазін”, дзе была прадстаўлена прафесія прадаўца. Праўда, герой мініяцюры – поўны антыпод прадаўцам, якіх “выпускае” ліцэй: тэхналагічна “падкаваных”, ветлівых, чулых, з добрым густам.
Творча і цікава прэзентуюць канкурсанты і іншыя прафесіі, якімі авалодваюць у сценах іх установы: цырульніка, камплектоўшчыка дэталяў цацак, аператара ЭВМ.
Расказалі ліцэісты і пра сваю пазавучэбную дзейнасць і зрабілі гэта з не меншым запалам. Ім было чым падзяліцца. Кобрынскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сферы абслугоўвання - актыўны ўдзельнік разнастайных конкурсаў, выставак, спартыўных спаборніцтваў. На высокім узроўні тут пастаўлена даследчая работа, у чым гледачы пераканаліся ў час прэзентацыі навукова-даследчай працы “Фартух – неад’емная частка беларускага жаночага адзення” ўдзельнікаў этнаграфічнага аб’яднання “Спадчына”, якое, нараўне з іншымі аб’яднаннямі, “выхоўвае” ў моладзі актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Хвілінай славы стаў фінал мерапрыемства. З вуснаў старшыні абласнога журы, дырэктара Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Таццяны Валевач у адрас ліцэістаў прагучалі толькі добрыя словы. Вынікі творчага конкурсу яшчэ наперадзе. І хоць канкурэнцыя даволі вялікая (у аглядзе ўдзельнічаюць 43 сярэднія спецыяльныя і прафесіянальна-тэхнічныя ўстановы Брэстчыны), станоўчая ацэнка галоўнага члена журы дае надзею ліцэістам на перамогу.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу