Вучні-кадэты дзіцячага сада-сярэдняй школы №4 г. Кобрына вылучаюцца сярод іншых школьнікаў не толькі строгай формай, але і асаблівай дысцыплінаванасцю і выхаванасцю. Кадэты - гонар гэтай навучальнай установы. У гэтым годзе кадэцкае брацтва складаюць вучні дзявятых і адзінаццатых класаў.
Кадэцкія класы падзяляюцца на класы ваенна-патрыятычнага і прававога напрамку. Першыя на павышаным узрозні вывучаюць фізіку і матэматыку, другія – гісторыю Беларусі і грамадазнаўства. Раней была і хіміка-біялагічная група, якая ў 2016 годзе выпусціла 7 медалістаў. Такі падыход дазваляе вучням хутчэй вызначыцца з будучай прафесіяй і мэтанакіравана працаваць.
Вялікую прафесіянальна-арыентацыйную работу з вучнямі вядуць супрацоўнікі ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў, ДТСААФ і Кобрынскага РАУС. Дзеці ахвотна займаюцца ў гуртку “Юны стралок”, удзельнічаюць у гульні “Зарніца”, спартыўных спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, ваенна-патрыятыятычных мерапрыемствах і акцыях. Гэтым летам 2 узвод старшакласнікаў заваяваў 5 дыпломаў на вучэбна-палявых зборах у палатачным лагеры, які дзевяць дзён дзейнічаў на базе Балоцкай базавай школы, і стаў лепшым у раёне. Аб добрай падрыхтоўцы сведчаць перамогі на рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”.
– Дзякуючы нашаму ўзаемадзеянню ў юнакоў фарміруецца станоўчы погляд на службу ў арміі, – адзначыў начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Юрый Шчаўкуноў. – Кадэты – ужо падрыхтаваныя салдаты. У іх добрая страявая падрыхтоўка, яны ведаюць як валодаць зброяй і як жыць па статуце.
Нельга не адзначыць, што пераважная большасць выпускнікоў кадэцкіх класаў паступаюць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь або ў Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Ваенныя спецыяльнасці выбіраюць для сабе і дзяўчаты. З кадэтаў атрымліваюцца добрыя юрысты, эканамісты, бухгалтары, ваенныя.
– Мы плануем вярнуцца да практыкі выхавання кадэтаў з сярэдняга звяна, - дзеліцца дырэктар дзіцячага сада-сярэдняй школы №4 г. Кобрына Алена Фігурына.
Сярод навучэнцаў кадэцкіх класаў няма правапарушальнікаў, дзеці добра вучацца, вядуць здаровы лад жыцця і з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы.
Ксенія ПАЛЬТО
НА ЗДЫМКУ аўтара: начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Юрый Шчаўкуноў завітаў на першы ўрок у 9"Б" клас ваенна-патрыятычнага напрамку.
Поделиться в соцсетях: