Сб, 22 марта 2025
Прогноз погоды

У цэнтры ўвагі – праблемы на месцах

03/08/2011 Официально

Менавіта так можна азначыць сутнасць прыёму грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання, арганізаванага Гаспадарчым судом Брэсцкай вобласці сумесна з ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў” у рамках каардынацыйнага цэнтра па аказанні юрыдычнай дапамогі сельскагаспадарчым прадпрыемствам і мясцоваму насельніцтву, які адбыўся нядаўна ў нашым горадзе. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Кулак, старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок, начальнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Каліноўскі і начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі.

- Галоўная мэта сённяшняга мерапрыемства – даведацца, як ідуць справы непасрэдна на месцах: як вырашаюцца праблемы, як разглядаюцца звароты грамадзян, - расказвае старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок. – У сваю чаргу мы маем магчымасць разгледзець складаныя пытанні і, пры неабходнасці, вынесці іх на абласны ўзровень. Такія мерапрыемствы праводзяцца сістэматычна, раз у два месяцы ў розных гарадах нашай вобласці. Трэба адзначыць, што кожны раз мы не толькі праводзім прыёмы ў райвыканкамах, але і  наведваем якое-небудзь прадпрыемства, каб даведацца, што называецца, з першых вуснаў, якія праблемы хвалююць яго калектыў.

Як адзначыла Тамара Сучок, часцей за ўсё грамадзяне звяртаюцца з пытаннямі, звязанымі з працоўнымі адносінамі, з разгляданнем скаргаў і зваротаў, са сферай жылля. Адметнай рысай падобных прыёмаў з’яўляецца тое, што пераважную частку адказаў грамадзяне атрымліваюць адразу падчас прыёму, таму што вядуць яго непасрэдна кіраўнікі арганізацый і службаў, якія знаходзяцца ў курсе пытанняў.

Не паспела мерапрыемства распачацца, як у залу пасяджэнняў Кобрынскага райвыканкама пачалі прыходзіць першыя наведвальнікі. Актыўнасць і зацікаўленасць грамадзян паказалі, што падобныя прыёмы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Грамадзян цікавілі праблемы добраўпарадкавання, атрымання жылля, судовая практыка і іншыя. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі і прадстаўнікі Кобрынскага райвыканкама. Усе наведвальнікі прыёму атрымалі на свае пытанні абгрунтаваныя і кампетэнтныя адказы.

Завяршальны этап мерапрыемства прайшоў на ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод”, дзе госці выступілі перад членамі калектыву прадпрыемства і прадставілі падрабязную інфармацыю пра работу і сферы дзейнасці сваіх службаў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу