– Родная мова… Першае, што згадваю, вобраз настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Радзівіновіч. Чую яе голас, мілагучную гутарку, якая льецца ручайком, адгукаецца перазвонамі, шапоча ціхім ветрыкам паміж галінак бяроз… На яе ўроках пераношуся быццам у нейкі іншы свет, свет, дзе гучаць галасы продкаў, – дзеліцца вучаніца 9 класа Анастасія Міхальчук.
21 лютага, "Кобрынскі веснік"/
Тэму роднай мовы я распачала з вучнямі сярэдняй школы № 2 г. Кобрына, якія і падказалі мне героя для артыкула.
– Дзякуй Наталлі Мікалаеўне за тое, што прывіла мне любоў да беларускай мовы. Яна разбудзіла патаемнае, якое ляжала ў глыбіні душы, дапамагла яму падняцца на паверхню, – працягвае размову Варвара Леановіч.
Так, роля настаўніка беларускай мовы як правадніка паміж сучасным і мінулым, адкуль бяруць свой пачатак карані аўтэнтычнасці, у наш час выходзіць на першы план. Як пашанцавала тым дзецям, якія бачаць на ўроку не проста педагога, а асобу, носьбіта беларускай мовы, чалавека, улюбёнага ў яе і сваю справу.
– Прафесіяналам прыйсці ў клас і выкладаць родную мову проста як прадмет, без душы, не атрымаецца, гэта не матэматыка, дзе пануюць лічбы і формулы і выкарыстоўваюцца іншыя падыходы, – пачынае Наталля Радзівіновіч.
– Мая задача не толькі падрыхтаваць алімпіяднікаў і вучняў да паспяховай здачы цэнтралізаваных экзаменаў. Галоўнае – прывіць ім любоў да беларускай мовы, а значыць да сваёй краіны, павагу да сваіх продкаў, іх багатай спадчыны.

Сам лёс наканаваў Наталлі Мікалаеўне стаць той тоненькай ніткай, якая звязвае дзіцячыя сэрцы з роднымі каранямі, адкрываць ім унутраны свет Максіма Багдановіча як паэта з вялікай душой і чалавека з такім кароткім і няпростым жыццём, правесці іх сцежкамі Ганны Чарнушкі і Васіля Дзятліка з «Палескай хронікі» Івана Мележа…
– З дзяцінства ведала: дарога мая адна – настаўніцтва. Здаецца, што нарадзілася з гэтым пачуццём. А ўжо ў старэйшых класах вызначылася з накірункам. Тут сваю ролю адыграла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Кандрацюк. Яна заўсёды мне казала: «Наташа, я бачу ў цябе свой працяг». Так яно і здарылася.
Прайшоў час, я закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна і вярнулася ў родную школу, пра што вельмі марыла. І нават так атрымалася, што змяніла Галіну Нікадзімаўну, якая якраз збіралася на заслужаны адпачынак. Хтосьці скажа – выпадковасць, не, гэта лёс, які я сама сабе выбрала і ніколі не пашкадавала.
На пытанне, як удаецца настаўніцы зацікавіць вучняў сваімі ўрокамі, заўважае:
– Дзяцей не падманеш. Яны бачаць, наколькі ты сам любіш свой прадмет. Для мяне беларуская мова – гэта душа нашага народа, яго вялікі свет, дзе перапляліся ў адно багатая гісторыя і традыцыі. Імкнуся стварыць на ўроку добрую атмасферу, каб кожнаму выхаванцу было ўтульна, каб ён не баяўся выказваць свае думкі: не страшна памыліцца ў вызначэнні ідэі твора – страшна заставацца бяздушным да лёсаў герояў, бо гэтая абыякавасць можа адгукнуцца потымі ў жыцці.
Кожнага вучня ёсць за што пахваліць, і я не баюся гэтага рабіць. У іх тады зусім іншы настрой.

– Наталля Мікалаеўна можа знайсці такі факт з біяграфіі пісьменніка, які захопіць нас, заставіць перачытаць яго творы, якія выходзяць нават за межы праграмы. Яна спыняе аповед на цікавым эпізодзе, што міжволі хочацца даведацца, а што было далей… – яшчэ адно з выказванняў вучняў.
– Урокі роднай мовы – адзін з астраўкоў беларускасці. Заўсёды кажу дзецям, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Кожная асаблівая, багатая, але беларуская – гэта наша памяць. Непроста так даваў наказ Францішак Багушэвіч не забываць яе, бо са стратай мовы памірае і душа.
Не кожны ўрок – свята, як заўважае настаўніца. Не заўсёды атрымліваецца выйсці з класа з пачуццём задаволенасці… Дзесьці цябе не зразумелі, дзесьці ты не змог знайсці неабходныя словы:
– Ёсць у маёй скарбонцы верш, які я напісала, калі толькі прыйшла на работу. Ён для мяне як дэвіз. Часта ў цяжкія хвіліны сама сабе яго цытую: «Я, сапраўды, шчаслівы чалавек! І як настаўнік, маці і сяброўка. Жыцця я справу выбрала навек. Яна мая галоўная пляцоўка». Прыходжу на наступны дзень у клас, бачу яскравыя вочы сваіх вучняў, іх маладосць, энергію, і зноў усё становіцца на месца.
Выгадавала Наталля Мікалаеўна і свае зорачкі, якія паказваюць выдатныя веды па роднай мове па-за межамі школы. Ганна Калядзіч зараз вучыцца ў 10 класе. У гэтым годзе яна атрымала пахвальны ліст у раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, а ў мінулым – дыплом 1-й ступені.

Дзесяцікласнікі Яраслаў Стома і Анастасія Жарына чацвёрты год удзельнічаюць у конкурсе чытальнікаў вершаў «Жывая класіка»:
– Іх настолькі захапляе гэты конкурс, што не могуць дачакацца наступнага года. Сёлета папрасілі дазволу выбраць вершы самастойна.
Ёсць у Наталлі Мікалаеўны яшчэ тры самыя дарагія зорачкі – дочкі Ірына, Ганна і Аляксандра, якіх яна выгадавала разам з мужам Андрэем.
Ірына ўжо атрымала вышэйшую адукацыю, Ганна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а Саша ў 8-м класе. Яны ганарацца сваёй матуляй-настаўніцай, бывае, збіраюцца ўсёй сям’ёй і размаўляюць па-беларуску.
У акружэннні старэйшай Ірыны ўвогуле шмат сяброў добра валодаюць роднай мовай і часта выкарыстоўваюць яе ў зносінах.
– Падтрымка сям’і – вельмі важна. На рабоце праходзіць большая палова майго жыцця. Дома таксама рыхтуешся да ўрокаў, шмат трэба нагляднага матэрыялу. Дзякуй мужу – ён усё разумее, дапамагае нават. Вось заламінаваў партрэты пісьменнікаў, не адзін стэнд зрабіў, – заўважае гераіня.
21 лютага – субота, а ў сярэдняй школе № 2 шумна. На калідорах і ў кабінетах чуецца беларуская мова. У гэты дзень тут прынята размаўляць толькі на ёй. Вучні рыхтуюцца да шматлікіх мерапрымстваў. Так, свята міне, але закладзеная ў сэрцах дзяцей любоў да свайго роднага застанецца.
Тэкст і фота Алены БАКУН
Поделиться в соцсетях: