Вт, 18 марта 2025
Прогноз погоды

На Кобрыншчыне прайшоў традыцыйны раённы аўтапрабег па месцах баявой славы

13/05/2019

Па месцах баявой славы

Штогод напярэдадні Дня Перамогі на Кобрыншчыне па ініцыятыве райвыканкама праходзіць традыцыйны раённы аўтапрабег па месцах баявой славы, памяці і смутку. У гэтым годзе ветэраны і моладзь, прадстаўнікі ўлады,  арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў Кобрыншчыны наведалі мемарыялы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Кіселявецкага сельскага савета.

Калона з рарытэтных матацыклаў і аўтамабіляў  Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, а таксама тэхнікі аматарскіх аўтамотаклубаў  рушыла ад цэтральнай плошчы горада ў бок вёскі Рыбна.

-  На тэрыторыі нашага сельсавета фашыстамі было знішчана 62 двары, забіта 79 жыхароў, 31 чалавек адпраўлены на катаргу, загінула 92 франтавікі, 27 партызанаў, 82 жыхары прапалі без вестак. Сёння па законе чалавечага сумлення мы выказваем сваю падзяку тым, хто  праявіў неверагодную сілу духу, мужнасць і гераізм, – адзначыў  падчас мітынгу-рэквіему каля помніка загінуўшым землякам старшыня сельвыканкама Іван Будзько.

Наступным прыпынкам стала вёска Балоты, дзе ўдзельнікі прабегу наведалі вайсковыя могілкі. Надпісы на плітах былі зроблены ў 1915 годзе на нямецкай мове, таму па  афіцыйных звестках  мемарыял вядомы як месца пахавання кайзераўскіх салдатаў. Але старажылы сцвярджаюць, што   ў цэнтры мемарыялу  былі  перазахаваны ў брацкай магіле 13 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баях з інтэрвентамі ў 1920 годзе. Могілкі добраўпарадкаваны, што сведчыць пра тое, што на Кобрыншчыне сапраўды ніхто не забыты і нішто не забыта.

Далей удзельнікі аўтапрабегу наведалі мясцовыя могілкі. Там ў асобнай магіле пахаваны масквіч, стралок-радыст Мікалай Сілаў, які ў ліпені 1944 года быў накіраваны ў вёску з Брэста для нарыхтоўкі збожжа для сваёй вайсковай часці. У час аднаго з заданняў на абоз напалі бандыты. Мікалай быў цяжка паранены і праз некалькі дзён памёр. Жыхары вёскі пахавалі яго на вясковых могілках, а  сям’я паставіла помнік. Нядаўна Кіселявецкі сельвыканкам усталяваў  на магіле новы абеліск. Падчас аўтапрабегу ля магілы чырвонаармейца Сілава таксама адбылася вахта памяці і былі ўскладзены кветкі.

Наступны прыпынак удзельнікі аўтапрабегу зрабілі каля вёскі Гірск. У лесе з паўднёвага боку  вёскі  ва ўрочышчы Палагіна на месцы былога штаба партызанскага атрада імя Р.І. Катоўскага пад ценем сосен і дубоў знаходзіцца помнік партызанскай славе. На пліце мемарыялу выбіты 32 прозвішчы партызанаў-“катоўцаў”, якія аддалі сваё жыццё за незалежнасць краіны.  У ганаровай варце тут стаяць вучні мясцовай школы, ляжаць жывыя кветкі.

Дзень Перамогі заўсёды быў, ёсць і будзе найвялікшым святам для кожнага з беларусаў. Лепшым пацвярджэннем гэтых слоў сталі шчырыя эмоцыі ўдзельнікаў аўтапрабегу: і тых, хто бачыў вайну, і тых, хто ведае яе толькі па кніжках. Светлая памяць пра падзеі ваеннага часу ў сэрцах людзей не згасне ніколі.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

ЗДЫМКІ АЎТАРА.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу