Прогноз погоды
Вс, 18 мая 2025

На Кобринщине отметили День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности

18/11/2015 Сельское хозяйство

Духмяны хлеб, салодкая булачка, свежае малако, добрая шкварка… За кожным з гэтых і іншых прадуктаў, якія сталі для нас такімі звычнымі ў сваім велізарным асартыменце на паліцах магазінаў, – штодзённая праца многіх і многіх людзей. Значэнне гэтай працы перабольшыць проста немагчыма, таму што яна служыць адной з галоўных умоў стабільнасці нашай краіны. А Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу з’яўляецца не проста святам, але і добрай нагодай падвесці вынікі і яшчэ раз шчыра падзякаваць усім тым, хто так ці інакш звязаны з цяжкай, але высакароднай працай на зямлі.
- Немагчыма сабе ўявіць развіццё нашага рэгіёна без эфектыўнай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу, - падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Спакон вякоў і да сённяшняга дня праца хлебароба застаецца самай важнай і ганаровай. Менавіта таму ўшанаванне працаўнікаў сяла – гэта выключна прыемная місія і заслужаная даніна за іх няпростую працу.
Як адзначыў старшыня райвыканкама, сёлета працаўнікам сяла давялося весці сапраўдную барацьбу з надвор’ем, і барацьба гэтая была не дарэмнай, нягледзячы на спёку быў сабраны добры ўраджай збожжа. Штогод лепшую ўраджайнасць збожжа атрымліваюць у ААТ “Агра-Кобрынскае”, 3-е месца ў абласным фестывалі “Дажынкі-2015” заняў СВК “Узыходзячая зара”, добрыя вынікі прадэманстраваў і шэраг іншых гаспадарак. Забяспечаны прырост 7,8% у жывёлагадоўлі, падтрымліваюцца станоўчыя тэмпы росту вытворчасці малака, у параўнанні да мінулага года на 3,1 тысячы тон узрос валавы надой, 17 гаспадарак пастаўляюць на завод малако гатункам “экстра”. Аднак вынікі гэтыя – не нагода для заспакаення, а арыенціры для новых будучых дасягненняў.
Тыя ж, хто забяспечвае ўсе гэтыя паказчыкі сваёй працай, у гэты дзень прымалі заслужаныя віншаванні, ганаровыя граматы і пісьмы падзякі. Павіншаваць працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перепрацоўчай прамысловасці АПК прыйшлі прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, РА ГА “БРСМ” і РГА “Белая Русь”, прафсаюзаў і, зразумела, калегі па галіне. Адзін за адным выходзілі на сцэну кіраўнікі гаспадарак, механізатары і іншыя шматлікія прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны Кобрыншчыны. Яны добра ведаюць: менавіта гэтая сфера, як ніякая іншая, патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і сапраўднай любві да шчырай працы і да роднай зямлі.
- Трэба прыкладваць усе намаганні, працаваць з душою, на якой бы пасадзе ты ні знаходзіўся, - адзначыў  механізатар-перадавік Мікалай Пакалюк з ААТ “Гарадзец-агра”. – У сельскай гаспадарцы няма і не можа быць дробязяў. Ну а калі будзе праца – будуць і вынікі.
Як справядліва зазначыў старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Віктар Казак, любоў да гэтай працы, да сваёй зямлі закладваецца з дзяцінства, і недарэмна ў нашых продкаў самымі ганаровымі шляхамі заўсёды былі абарона сваёй Айчыны і праца на роднай зямлі.
Адшуміць святочны вечар, і ўсе героі гэтага дня зноў вернуцца да сваіх штодзённых клопатаў, закладваючы новы будучы ўраджай і асвойваючы новыя тэмпы – як робяць гэта з году ў год. Але… гэта будзе крышачку пазней. У гэты ж дзень у Палацы культуры панавала свята. Гучалі цёплыя словы і добрыя песні, змянялі адзін аднаго ансамблі і калектывы – і здавалася, што не было такіх слоў, якія маглі б выказаць усю ўдзячнасць Кобрыншчыны і кабрынчан за плённую працу. Завяршаецца чарговы год, але наперадзе новы – а значыць, і новае цяжкае “золата” чарговага ўраджаю, якое абавязкова падорыць нам наша шчодрая кобрынская зямля.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу