Прогноз погоды
Чт, 03 июля 2025

Лепшы падарунак – добры ўраджай!

13/12/2017 Сельское хозяйство

Не так ужо часта нашы дзіцячыя мары знаходзяць сваё ўвасабленне ў дарослым жыцці. Гераіню матэрыялу - галоўнага агранома ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” Вольгу Батулю праца на зямлі вабіла з самага дзяцінства.

- Бацькі заўсёды вучылі, што хлеб – усяму галава, - усміхаецца Вольга Сяргееўна. – Да таго ж работа на зямлі заўсёды выклікала ў мяне павагу. Таму асаблівых ваганняў пры выбары прафесіі не адчувала, пасля школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, і вось ужо чатыры гады як Кобрыншчына стала для мяне другім домам.Сфера адказнасці Вольгі Батулі – 1533 гектары сельскагаспадарчых угоддзяў. Сярод пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя - пшаніца, ячмень, трыцікале, рапс, ёсць вялікі клін кукурузы, пад якую занята 460 гектараў. Сёння раслінаводства забяспечвае каля 50% патрэб птушкафабрыкі ў кармах і робіць пэўныя крокі наперад у сваім развіцці.- У гэтым годзе вельмі парадаваў рапс – ураджайнасць дасягнула ўзроўню 38,2 цэнтнера з гектара, што з’яўляецца лепшым вынікам за апошнія 5 гадоў, - расказвае Вольга Батуля. – Таксама мы атрымалі добры ўраджай трыцікале – 53 цэнтнеры з гектара, 55 цэнтнераў з гектара азімага ячменю. Прыбытак ад добрага ўраджаю даў магчымасць ужо на сённяшні дзень напалову забяспечыць патрэбы на будучы год у сферы сродкаў аховы раслін. Хоць у цэлым для сельскай гаспадаркі год быў, безумоўна, не самы просты.Зараз у гаспадарцы закладваюцца падставы новага ўраджаю – аграрыі падымаюць зябліва, у глебу ўносяцца ўгнаенні, значнае месца займае арганіка, у якасці якой выкарыстоўваецца птушыны памёт. Дарэчы, бальнасць глебы на прадпрыемстве вагаецца каля 34, што робіць працу аграрыяў яшчэ больш напружанай. Ёсць і планы на будучыню. Як адзначае Вольга Батуля, сярод іншага для паляпшэння вынікаў сельскагаспадарчай вытворчасці на бліжэйшыя гады распрацоўваецца магчымасць увядзення сідэратаў – культур, якія пасля ўборкі ўраджаю высяваюцца ў глебу і служаць своеасаблівымі “зялёнымі ўгнаеннямі”.Як адзначае Вольга Сяргееўна, за любімай справай дні пралятаюць хутка – работа агранома аказалася вельмі цікавай і творчай. Што ж датычыцца самых прыемных момантаў, то і для Вольгі, і для ўсіх тых, хто самааддана працуе на роднай зямлі, атрыманне добрага ўраджаю з’яўляецца самым лепшым падарункам.Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКУ: Вольга Батуля на полі азімага рапсу.

Поделиться в соцсетях: