Аддаленая ад раённага цэнтра, вёска Павіцце жыве сваім спакойным, размераным жыццём. На вуліцах нешматлюдна, ды і не дзіўна, лета – гарачая пара для вяскоўцаў.Уладзімір Жук нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы. Пасля службы ў арміі працаваў у мясцовым калгасе трактарыстам. Пазней паступіў на завочнае аддзяленне Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута на зоаінжынера. Кіраўніцтва калгаса заўважыла руплівага хлопца і прапанавала яму стаць загадчыкам фермы. На гэтай пасадзе Уладзімір працаваў амаль дзесяць гадоў.Ён - добры рыбак, часта прападаў з вудаю на мясцовым возеры. “Калі гляджу на ваду, супакойваюся. Яна быццам забірае ўсю дрэнную энергетыку”, - заўважае Уладзімір Пятровіч. Ідэя ўзяць возера ў арэнду прыйшла нечакана. “Усюды патрэбны парадак, і тут таксама”, - прызнаецца ён. Спачатку вадаём “Арэхаўскі” (такая афіцыйная назва возера) быў арандаваны пад платна-аматарскую і прамысловую лоўлю рыбы, пасля - пад рыбаводства. Так утварылася фермерская гаспадарка “Жоўтая лілея”. “Першае, што мы зрабілі, зарыбілі вадасховішча”, - расказвае Уладзімір Жук. - Кожны год вясной ажыццяўляем зарыбленне. Цяпер у возеры да 25 відаў рыбы: карп, шчупак, амур, таўсталобік, акунь, плотка і іншыя. “Сваю рыбу мы не кормім, яна харчуецца ў прыродных умовах”. Для рыбы тут добрыя ўмовы з-за абнаўлення вады за кошт меліярацыйнай сістэмы. Такі падыход да рыбаводства прыцягнуў у гаспадарку пастаянных кліентаў. “Сваю прадукцыю рэалізуем па раёне, найбольшым попытам карыстаецца плотка”, - распавядае Уладзімір Пятровіч.Фермерская гаспадарка - справа сямейная, аднак пры адлове рыбы ў асенне-зімовы перыяд прыходзіцца звяртацца за дапамогай да аднавяскоўцаў. “У нашай справе многа залежыць ад надвор’я. А прырода – дама капрызная”, - адзначае Уладзімір Жук. На возеры ён праводзіць увесь дзень. Каб было дзе адпачыць ці схавацца ад дажджу, прыстасаваў да жылля невялічкі вагончык. Тут жа паставіў лаўкі і сталы для адпачываючых. Ёсць і шашлычніца. Каб падтрымліваць гаспадарку ў добрым стане, сям’я набыла новую тэхніку – “Мэрсэдэс-Бэнц” 1843. Гэтая машына можа замяніць адразу 3 транспартныя адзінкі: кран, самазвал і экскаватар. Трохбаковы самазвал з маніпулятарам, якому падуладны дарогі любой цяжкасці, – сапраўдная знаходка для гаспадаркі. На такой цуда-машыне працуе старэйшы сын Сяргей.Фермерская гаспадарка “Жоўтая лілея” ахвотна супрацоўнічае з іншымі гаспадаркамі.“Мы ўсе людзі, значыць, па-людску і жыць, і працаваць павінны”, - разважае Уладзімір Жук. Зараз у фермерскай гаспадарцы праходзіць практыку дачка Святлана, якая з’яўляецца студэнткай біялагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Яна, як і бацька, днямі прападае на возеры. На пытанне, чым яно так вабіць дзяўчыну, усміхаецца: “А вы прыгледзьцеся, як чароўна цвітуць жоўтыя лілеі, тады зразумееце”.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: