Медыцына новага веку


Сістэма аховы здароўя раёна фарміравалася пасля яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – у 1944 годзе. Наступствы вайны прынеслі не толькі вялікі смутак, але і ўсплёск такіх захворванняў, як сыпны тыф, страўнікава-кішачныя інфекцыі і інш. Распараджэннем мясцовых улад тэрмінова для мінімізацыі гэтых з’яў былі прыцягнутыя найбольш вопытныя медыцынскія кадры. З першых пасляваенных дзён перад медыкамі была пастаўлена галоўная задача – комплексная ахова здароўя грамадзян усіх узроставых груп.

Пачынаючы з 1949 года, першым галоўным урачом у Кобрыне быў назначаны Яфім Калядка, ён працаваў практыкуючым хірургам да 1978 года. Быў узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, пяццю рознымі медалямі, знакам “Выдатнік аховы здароўя”. На адказнай пасадзе яго змяніла франтавічка Валянціна Лебедзева. За свой уклад у развіццё медыцыны яна ўдастоілася ордэна Леніна.

Будаўніцтвам галоўнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы займаўся чарговы кіраўнік медыцыны Кобрынскага раёна, заслужаны ўрач БССР Філіп Жукоўскі. Усё сваё сумленнае жыццё працаваў на кобрынскай зямлі Іван Жыдовіч. За дваццаць гадоў ягонай дзейнасці змянілася да лепшага ўся матэрыяльна-тэхнічная база. Пабудаваны акушэрскі комплекс, 6 урачэбных амбулаторый на сяле, ФАПы, дзіцячая кансультацыя.

Галоўнага ўрача Валянціна Мілашэўскага, які таксама зрабіў шмат для станаўлення аховы здароўя Кобрыншчыны, змяніў Вячаслаў Крывецкі. Ён прадоўжыў важную справу ўмацоўвання матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэння якасці і даступнасці аказання шырокага спектра медыцынскіх паслуг насельніцтву. Скажам, у межах плана мерапрыемстваў падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2009” былі цалкам перапланаваны і рэканструяваны ўсе аддзяленні цэнтральнай раённай і дзіцячай бальніц, станцыі хуткай і неадкладнай меддапамогі, акушэрска-гінекалагічны комплекс і інш. Пры гэтым выкарыстоўваліся самыя сучасныя будматэрыялы і энергазберагаючыя тэхналогіі. Устаноўлены рэнтгеналагічны апарат “Пульмаскан”, тэрапеўтычнае, рэанімацыйна-анестэзіялагічнае, кардыялагічнае абсталяванне, апараты ўльтрагукавага даследавання. Палепшылася аснашчэнне лекамі і транспартам, заменена сантэхніка, мэбля і мяккі інвентар. Адноўлены фасады ЦРБ, пад’язныя шляхі. На Кобрыншчыне рэканструяваны і поўнасцю ўкамплектаваны ўсім неабходным вясковыя бальніцы і ФАПы. Цяпер ва ўсіх урачэбных амбулаторыях раёна працуюць спецыялісты вышэйшага медыцынскага звяна.

Свой значны ўклад у развіццё аховы здароўя Кобрыншчыны ўнеслі многія вопытныя медыкі. Сярод іх Людміла Дружылоўская, Леанід Панасік, Пётр Паляціла. На жаль, ужо пайшлі з жыцця Мікалай Зіневіч, Фёдар Цімошык і Леанід Леанюк. Свае каштоўныя веды перадаюць маладым калегам урачы Святлана Самасюк, Фёдар Улізла, Уладзімір Цумік, Марыя Самцэвіч, Леанід Занеўскі, Настасся і Рыгор Дарковічы, Валянціна Сыч, Вольга Грышчкевіч і многія іншыя. Хочацца сказаць гэтым людзям вялікі дзякуй за іх увагу, душэўную цеплыню і вернасць клятве Гіпакрата.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: у адноўленым рэанімацыйным аддзяленні Кобрынскай ЦРБ; рэнтгеналабарант Аляксей Вяршкоў дэманструе новы камп’ютарны рэнтгенаграфічны апарат айчыннай вытворчасці “Пульмаскан”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Купить дом под ключ где купить недорого дом из бруса под ключ.