На столе у горожан будут молоко, мясо и хлеб


Пачынаецца новы дзень… Далягляд будзіць ліпеньскае сонейка, свежай расой набіраюцца травы, ад лёгкага подыху ветрыку зашаптала калоссе. Прачынаецца Гарадзец.
Шмат спраў чакае працаўнікоў ААТ “Гарадзец-агра” – адной з буйнейшых сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
– Адзін у полі не воін, – гаворыць дырэктар гаспадаркі іван Цецярук. – Высокія паказчыкі – заслуга ўсяго калектыву.
Шэсць трактарных брыгад і столькі ж майстэрняў, дзве будаўнічыя брыгады і дзве брыгады па рамонце абсталявання фермаў. У галіне мяса-малочнага напрамку і ў раслінаводстве шчыруюць 389 чалавек. Асноўныя віды вытворчасці – мяса, малако, вырошчванне збожжа і цукровых буракоў. Комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 6060 галоў, малочнатаварны комплекс на 1000 галоў і 10 фермаў, дзе ў пачатку гэтага года налічвалася 10679 галоў жывёлы, да таго ж пяць вытворчых участкаў у раслінаводстве. Сёння нават уявіць складана, што 10 гадоў таму гарадзецкая гаспадарка, як кажуць, дыхала на ладан.
Шмат змянілася з прыходам Івана Цецерука. Тады, у 2004 годзе, пагалоўе буйной рагатай жывёлы налічвала 5316 галоў, а ў 2013-м – ужо 10679. Валавая вытворчасць малака павялічылася ў 4,7 раза. Надой на адну карову ў мінулым годзе дасягнуў 5159 кг, а сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе склалі 762 г. Увогуле доля жывёлагадоўчай вытворчасці ААТ “Гарадзец-агра” ў раёне за шэсць месяцаў гэтага года складае больш за 15%. У 2013 годзе атрымалі больш за 11 тон збожжа, валавы збор цукровых буракоў склаў амаль 7000 т. Значна павялічылася плошча сельгасугоддзяў.
У 2011 годзе да гаспадаркі далучылі ААТ “Аніскавічы”, пагашэнне доўгу якога лягло на плечы “Гарадзец-агра”. Але і з гэтым дбайная гаспадарка справілася. На забалочаных аніскавіцкіх землях правялі меліярацыйныя работы, і сёння там ужо шэпчуцца травы і цягнецца да сонца кукуруза. А каб у поўнай меры выконваць неабходны аб’ём работы, пастаянна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, набываецца сучасная тэхніка.
З перспектывай тут глядзяць на моладзь, клапоцяцца аб будаўніцтве для іх новага жылля.
Так, некалі галоўны эканаміст Галіна Фёдараўна разам з Мікалаем Вярэнічам, Леанідам Сулкоўскім, Яўгенам Папроцкім, Уладзімірам Кавальчуком – такімі ж маладымі спецыялістамі – прыйшла на работу ў 1982 годзе, усе разам яны працуюць у гаспадарцы і сёння.
Ірына Баран, Кацярына Кароль, Сняжана Ячнік – маладыя дзяўчаты, якія не толькі рэалізаваліся ў прафесіі, але і на гарадзецкай зямлі знайшлі сваё сямейнае шчасце.
Шчыруюць у полі камбайны, засыпаюць у засекі першае рапсавае насенне. Промні сонца губляюцца ў крыху стомленых, але задаволеных вачах хлебаробаў.
– Мы глядзім у будучыню з верай і надзеяй. Гораду Кобрыну жадаем далейшага росквіту, а вёска не падвядзе. На стале ў гараджан заўсёды будуць малако, мяса і хлеб – гэта мы гарантуем! – з цёплай усмешкай запэўнівае нас Іван Цецярук.
Ірына ЛЕСІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: першым рапсавым ураджаем задаволены  вадзіцель Міхаіл Дранец (злева) і работнік зернесушыльнага комплексу Сцяпан Кароль; Галіна Соўпель і кіраўнік сельгасаддзялення № 1 Мікалай Вярэніч на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *