Страна чудесных замков в Кобрине


Амаль на месяц ДУА “Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці” ператварылася ў казку – тут ажылі сівыя легенды беларускіх замкаў.
– Па сістэме хобіцкіх гульняў мы працуем прыкладна з 2000 года, – расказвае дырэктар РЦДТ Вольга Шугай. – Летняя аздараўленчая змена лагера “Гуртковец” прайшла арганізавана і мэтанакіравана. Сёлета яна была прысвечана гістарычнаму падарожжу і мела назву “Краіна чароўных замкаў”.
Дзякуючы творчаму падыходу педагогаў, асабліва крэатыўнасці культарганізатараў Таццяны Грамчук і Алены Жук 70 дзяцей насычана і цікава правялі першы месяц лета.
– Беларусь лічыцца краінай старажытных замкаў, – расказвае Алена Васільеўна. – Але, на жаль, мы мала пра іх ведаем. Таму першачарговымі задачамі мы ставілі развіць у дзяцей цікавасць да гісторыі роднай краіны, помнікаў старажытнасці, гісторыка-культурнай спадчыны, сфарміраваць агульнае ўяўленне аб замках Беларусі і пазнаёміць з іх галоўным прызначэннем, знешнім выглядам, сучасным станам, выхоўваць павагу да нашых продкаў, якія ўзводзілі такія велічныя збудаванні дзеля абароны свайго краю ад ворагаў.
Тры атрады, быццам у казцы, ператварыліся ў замкі з незвычайнымі назвамі – “Дзявайціс”, “Камялот”, “Замак кульгавага караля”. Заваражыла вока незвычайная галерэя княжацкага двара, дзе з фотаздымкаў глядзелі партрэты супрацоўнікаў цэнтра дзіцячай творчасці ў новым, гістарычным амплуа.
Дзеці праз інтэрактыўны тэатр давалі легендам новае жыццё, гулялі ў замкавыя ігрышчы, былі ўдзельнікамі і гледачамі рыцарскага турніру. Зарабляючы “цаглінкі” справамі і перамогамі ў разнастайных конкурсах, рэканструявалі замкі, спявалі серэнады, забівалі цвікі, спаборнічалі ў кулінарным паядынку “Дэсерт для караля”, праводзілі чэмпіянат па футболе і нават рабілі даспехі.
Цікава ладзіліся дні нараджэння атрадаў, калі імяніннікі рыхтавалі для ўсіх гульнявую праграму. У такіх мерапрыемствах звычайна былі задзейнічаны ўсе дзеці. Да таго ж, пры цэнтры дзіцячай творчасці працавалі гурткі.
У канцы змены прыдворных і каралеўскіх асоб чакаў касцюміраваны баль “Мода з камоды”. У касцюмах, зробленых сваімі рукамі, дзеці ўрачыста прайшліся па вуліцах горада, здзіўляючы прахожых.
Тэма замкаў працягнулася і ў падарожжы. Каб бліжэй панаёміцца з гістарычным багаццем нашай краіны, выхаванцы лагера адправіліся на экскурсію і наведалі вёску Скокі Брэсцкага раёна, дзе размясцілася сядзіба Нямцэвічаў.
Краіна чароўных замкаў, у якую трапілі выхаванцы РЦДТ, надоўга застанецца ў іх памяці.
Ірына ЛЕСІК.
НА ЗДЫМКУ: самаробны царскі торт для замка-імянінніка.
Фота з архіва ДУА “Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *